Магія: хор спявае ў разбуранай царкве


У сярэдзіне жніўня на культурнай мапе Беларусі з’явіўся новы пункт: на беразе Чарэйскага возера каля вёскі Белая Царква прайшоў міжнародны фестываль «Sprava».

Арганізатары, сярод якіх былі рэжысёрка Кацярына Аверкава, кліпмэйкер Мацвей Сабураў і музыка Сяргей Краўчанка, ставілі за мэту навязаць камунікацыю з прыродным і культурным ландшафтам праз сучаснае мастацтва, рамяство і музыку.

Фестываль, апроч адметнай музычнай праграмы, складаўся з вялікай колькасці экалагічных і мастацкіх падзеяў: госці навучаліся асновам стужкавай фатаграфіі, бралі ўдзел у тэатральным майстар-класе Андрэя Саўчанкі, практыкаваліся ў сталярным майстэрстве, назіралі за птушкамі, займаліся танга, ёгай, пілатэсам. Адной з галоўных адметнасцяў фестывалю стала кухня французскага кулінара з суседніх Старажэвічаў – Барыса Буаняра.

Музычная праграма спалучала, здавалася б, неспалучальнае: пасля індыйскай флейты Ягора Джэйгалы прагучалі народныя спевы вакальнай групы «Натхненне» з суседняй вёскі Чарэя, камерны хор «Салютарыс» («Salutaris») спяваў у закінутай уніяцкай царкве XVI стагоддзя, а начная праграма запомнілася электроннай этнамузыкай «Шумы» (Shuma) і меладычным інструменталам «ПортМанэ» (PortMone).

Стваральнікі «Spravy» разлічваюць, што па заканчэнні фестывалю чароўны паўвостраў з рэшткамі царквы і ўзведзенай сцэнай не застанецца пуставаць: новая пляцоўка будзе адкрытая ўсім праектам, якія маюць за мэту аднаўленне культурнага жыцця Новай Царквы.