Свет Мадура. Як застацца прэзідэнтам пасля адстаўкі


У венесуэльскім палітычным серыяле – новы паварот.

Парламент большасцю прагаласаваў за адстаўку Нікаляса Мадура і абвесціў, што прэзідэнт-сацыяліст пакінуў сваю пасаду. Аднак Вярхоўны Суд, кантраляваны мадураўцамі, абвесціў аб немагчымасці такой адстаўкі.

У Нацыянальнай Асамблеі Венесуэлы за адстаўку Нікаляса Мадуры прагаласавала большасць – 106 парламентароў. Прычыны ўсё тыя ж: палітыка прэзідэнта прывяла краіну да галечы.

«Нікаляс Мадура адмовіўся ад венесуэльскага народу. Ён адмовіўся ад Канстытуцыі, і таму Нацыянальная асамблея мусіць абвесціць, што ён пакінуў сваю пасаду», – заявіў першы віцэ-спікер Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы Фрэдзі Гевара.

Пра-мадураўская сацыялістычная меншасць пакінула парламент да галасавання. Нікаляс Мадура раней прайграў парламенцкія выбары, але яшчэ кантралюе ўрад і Вярхоўны суд. У лістападзе апошні вынес пастанову, што Нацыянальная Асамблея мусіць спыніць падрыхтоўку да імпічменту, а парламентары не могуць заклікаць да грамадскага непадпарадкавання.

«Яны не ў стане прызнаць яшчэ адное рашэнне суда, які заранёў сказаў ім, што не ва ўладзе Нацыянальнай асамблеі абмяркоўваць любы трыбунал супраць прэзідэнта рэспублікі», – заяўляе намеснік старшыні Сацыялістычнай партыі Эктар Радрыгес.

Пакуль працягваецца палітычнае супрацьстаянне з юрыдычнымі спрэчкамі аб паўнамоцтвах, Нікаляс Мадура выйграе. Ягоная мэта – зацягнуць працэс, каб датрываць да прэзідэнцкіх выбараў 2019-га года. Апазіцыйная парламенцкая большасць патрабуе датэрміновага галасавання.

«Рэзалюцыя паказвае, што адзіны шлях вырашыць сур’ёзныя праблемы, ад якіх пакутуе краіна, – гэта вярнуць уладу народу Венесуэлы і, такім чынам, заклікаць да правядзення свабодных выбараў», – заяўляе Хасэ Луіс Картая.

Дэфіцыт вады, электрычнасці, ежы і медыкаментаў, інфляцыя ў 500 %, кантрабанда і галодныя бунты – сённяшні стан венесуэльскай эканомікі гэта вынік не столькі падзення коштаў на нафту, колькі дзяржаўнага рэгулявання коштаў і курсу нацыянальнай валюты, кажуць адмыслоўцы.

«Быў непазбежны і рост коштаў, і рост курсу долара, – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў. – Але яго сталі штучна стрымліваць, як нашыя беларускія ўлады ў канцы 2015 года. Толькі там гэта больш настойліва і больш доўга. Натуральна, з’явіліся дэфіцыты. Натуральна, стала тармазіцца вытворчасць унутры краіны».

У нядзелю Нікаляс Мадура абвесціў аб чарговым падвышэнні мінімальнага заробку – ў паўтара раза. Але гэта толькі спроба неяк знізіць незадаволенасць насельніцтва.

«Сітуацыя трымаецца ў асноўным на арміі: войска падтрымлівае Мадура, і яны разам ціснуць усіх, хто хацеў бы правесці рэформы, як гэта праводзілі калісьці ў той жа Польшчы», – лічыць Злотнікаў.

Паводле адмыслоўцаў, без сістэмных зменаў Венесуэлу чакае толькі паглыбленне крызісу, нават калі вырастуць кошты на нафту.

Яраслаў Сцешык

Каментары