Мадэрнізацыя на тле крызісу. Нафтахімія зніжае рэнтабельнасць


Мадэрнізацыя на тле крызісу. Нафтахімія зніжае рэнтабельнасць

Нафтахімія патрабуе мадэрнізацыі. Падзенне коштаў на сыравіну на міжнародных рынках істотна адбіваецца на галіне. Прадпрыемствы, якія прыносяць істотныя паступленні валюты ў краіну, паступова пераарынтоўваюцца на ўнутраны рынак.

Кошты падаюць, страты растуць. Сёлета па выніках першага паўгоддзя экспарт нафты і нафтапрадуктаў скараціўся ажно на 35 %. У выніку агульныя страты галіны склалі больш за мільярд долараў ЗША. Нягледзячы на гэта, кампаніі канцэрну спрацавалі з плюсам, але ў першую чаргу дзякуючы фізічнаму павелічэнню вытворчасці, хаця рэнтабельнасць знізілася большы чым на 3 %.

«Важныя не столькі абсалютныя кошты, колькі розніца паміж абсалютнымі коштамі і коштамі, паводле якіх мы атрымоўваем сыравіну ад Расеі. Калі раней розніца складала тры разы, то тады была магчымасць пераўтварыць Беларусь у нафтавы афшор для Расеі. Тут перакрыжоўваліся інтарэсы расейскіх нафтавых баронаў, і беларускай сямʼі ў шырокім сэнсе гэтага слова. Цяпер гэтага няма. Няма той маржы», – зазначае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Кіраўніцтва «Белнафтахіму» рыхтуецца да мадэрнізацыі. Плануюць увесці новыя тэхналогіі, праз гэта падвысіць канкурэнтназдольнасць. Але рэалізаваць планы без інвестыцыяў немагчыма. Адсюль усё большая арыентацыя на ўнутранага спажыўца.

Кошты на нафтапрадукты падаюць і на міжнародных рынках. Прычым канкурэнцыя расце, а беларуская вытворчасць яе прайграе. Гэтак экспарт нафтахімічных тавараў у Кітай скараціўся сёлета на 80 %. У выніку кожны квартал на 4 % павялічваюцца складскія запасы.

Машынабудаванне страчвае традыцыйныя рынкі. На новыя пакуль не выходзім

Склады забітыя, дыверсіфікацыя паставак ідзе марудна, а на традыцыйных рынках беларускую тэхніку набываюць усё менш. Галіна патрабуе рэфармавання.

Сёлета абʼём прамысловай вытворчасці знізіўся на 2 %. Чысты прыбытак беларускіх прадпрыемстваў скараціўся на 30 %.

Але насамрэч галоўныя праблемы машынабудавання зусім не ў вонкавай канʼюктуры. Прамысловасць, закладзеная яшчэ ў мінулым стагоддзі сёння сябе цалкам вычарпала. Галіна патрабуе поўнага рэфармавання, каб ствараць канкурэнтаздольную прадукцыю.

Беларускія чыноўнікі па выніках году чакаюць паляпшэння фінансавай сітуацыі. Але на сёння толькі ўнутраная дэбіторская запазычасць у сельскагаспадарчым машынабудаванні складае каля Br 10 000 000 дэнамінаваных рублёў. У машынабудаванні запазычанасць паводле крэдытаў – больш за Br 1 000 000 000 дэнамінаваных рублёў.

«Вы можаце ўявіць, каб беларусы раптам стварылі google-трактар? Тактар, які будзе цалкам кампутараваны і будзе кіравацца скажам так, са спадарожніка? Але нам трэба рабіць зборку не кітайскіх аўтамабіляў. Нам патрэбныя рэвалюцыйныя зрухі. Цяпер час новых тэхналогіяў». – упэўнены эканаміст Леанід Заіка.

Прадукцыя беларускага машынабудання губляе традыцыйныя рынкі. Канкураваць з кітайскімі вытворцамі яна не ў стане. Дзяржава праводзіць палітыку падтрымання стратных заводаў, выдзяляючы шматмільярдныя крэдыты. Але росту эканомікі не бачна. Затое імкліва растуць унутраныя дзяржаўныя пазыкі.