Агляд падзеяў культуры Лыжка дзёгцю ад Лазуткіна – прэзентацыя кнігі «Паліталогія»


Выхад дэбютнай кнігі гэтага маладога празаіка суправаджаўся скандалам. Андрушу Лазуткіна абвінавачвалі ў антыбеларускіх поглядах. Здавалася, ягоная другая кніга «Паліталогія», якая выйшла ўвесну, будзе не менш гучная. Але яна засталася амаль незаўважаная. Яе прэзентацыя прайшла цяпер у кнігарні «ЛогвінаЎ».Кніга «Паліталогія» цалкам аўтабіяграфічная. Яна пра сталенне аўтара, якому цяпер дваццаць пяць, пра ягоных сяброў, што вучацца на палітолагаў, пра зменлівасць і туманнасць іх палітычных ідэалаў, пра жыццё менскіх ускраінаў. Гэта, удакладняе пісьменнік, калі казаць складана.АНДРУША ЛАЗУТКІН, ПІСЬМЕННІК:«А калі папросту – гэта п’янкі, гэта бырла, гэта спальныя раёны гораду Менску. Ну і, напэўна, тая чарнуха, якой нам не стае ў нашай беларускай літаратуры».Лазуткін кажа, што сваімі кнігамі, у якіх досыць лаянкі, трасянкі, шалёных пахмельных прыгодаў і вясёлай брутальнасці, хоча дадаць лыжку дзёгцю ў занадта сур’ёзны сучасны белліт. Рэдактар Павел Анціпаў упэўнены, што Лазуткін – унікальны аўтар для нашай літаратуры і паслядоўнік сусветнай:ПАВЕЛ АНЦІПАЎ, РЭДАКТАР КНІГІ:«Можам узяць Лімонава з ягоным «Эдзічкам», Жадана з ягоным «Дэпэш Модам», Сэліна з ягоным «Падарожжам на край ночы» – ён паслядоўнік гэтых кніг, я так гэта бачу».Рэдактар перакананы, што «Паліталогія» значна лепшая, больш шчырая і цэльная за папярэдні нашумелы «Палігон», а таму мусіць быць прачытаная і без скандалаў у медыях.Іншыя тэмы: позні канцэрт гурта «Port Mone» у менскай зале «Верхні горад». Мультымедыйная выстава «Ван Гог. Палотны, што ажылі» адкрылася ў выставачнай прасторы «Цэх».Аляксандра Дорская, Сяргей Будкін, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Каментары