Гарачы каментар Любоў Лунёва: Міліцыя запалохвала сведак па справе аб стральбе ў навагоднюю ноч


У пятніцу, 6 кастрычніка, судовая калегія па крымінальных справах Менгарсуду пакінула без зменаў прысуд па справе аб стральбе ў навагоднюю ноч.

У жніўні суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў Андрэя Гаўраша, у якога ў навагоднюю ноч двойчы стрэліў міліцыянт Руслан Салаўёў, да 5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»).

Паводле афіцыйнай версіі, міліцыянт Руслан Салаўёў прыбыў у адну з кватэраў, дзе група моладзі адзначала Новы год. Праваахоўнікаў выклікалі суседзі, якія скардзіліся на шум. Дзверы кватэры адчыніў Андрэй Гаўраш, які нібыта адразу пачаў паводзіць сябе «агрэсіўна і неадэкватна», спрабаваў завалодаць табельнай зброяй міліцыянта. У выніку канфлікту Салаўёў двойчы стрэліў у Гаўраша.

Журналістка Любоў Лунёва сачыла з справай аб стральбе ў навагоднюю ноч ад самага пачатку і лічыць прысуд несправядлівым:

«Калі здарыўся гэты выпадак, то міліцыянты, пабачыўшы гэтую жудасную карціну, казалі жонцы Андрэя Гаўраша: не трэба так гараваць, гэтага міліцыянта звольняць, пакараюць, можа нават у турму пасадзяць. Натуральна жонцы ад гэтага не было лягчэй, але потым сюжэт пачаў разгортвацца іншым чынам. Прыехаў кіраўнік міліцэйскага ўпраўлення, пачалі дапытваць сведкаў па гэтай справе (а гэта былі госці кватэры), іх развялі па розных кабінетах, нічога не тлумачылі… Іх запалохвалі».

«Людзі, што былі ў судовай залі, казалі: гэта так званая абарона твару цяперашняй міліцыі. Бо калі прызнаць, што міліцыянт быў сапраўды неадэкватным, то людзі будуць казаць, што гэта ўжо нейкі перабор», – кажа госць праграмы «Гарачы каментар», Любоў Лунёва.

Глядзіце цалкам:

Каментары