Гарачы каментар Лябедзька: З Раўковым можна размаўляць


На выязны прыём да міністра абароны Андрэя Раўкова, які адбыўся ў Наваградку, прышлі лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Руху «За Свабоду» Анатоль Лябедзька і Юрась Губарэвіч. Галоўнай тэмай размовы сталася праблема дзедаўшчыны ў беларускім войску. Таксама закраналі пытанні зменаў у заканадаўстве, перайменаванне сувораўскай вучэльні і магчымага стварэння на тэрыторыі нашае краіны расейскай вайсковай базы.

Паводле Анатоля Лябедзькі, у іх быў песімістычны сцэнар.

«Мы прыязджаем, нас выслухоўваюць і кажуць »вы вольныя«. Але атрымалася больш аптымістычна. Камунікацыя забрала каля 30 хвілінаў. Можна размаўляць. З самага пачатку я сказаў, што мы розныя і па-рознаму глядзім на сітуацыю ў арміі. Але для нас гэта натуральна».

Анатоль Лябедзька кажа, што прыехалі да Раўкова з трыма канкрэтнымі прапановамі.

«Яны былі сфармуляваныя такім чынам, што мяч застаўся на палове Андрэя Раўкова. Паглядзім, што з гэтага вырасце. Было пытанне наконт вайсковай базы, ці вядуцца нейкія перамовы. Міністр быў дастаткова катэгарычны, што ёсць два аб’екты – Ганцавічы і Вілейка. Абгрунтаваў чаму, на яго погляд, гэта плюс, бо працоўныя месцы і эксклюзіўная інфармацыя. Але што да перспектывы новай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі, ці гэта выключана, ён сказаў, што гэта фэйкавыя навіны, і дае слова міністра, што гэта інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці».

Палітык адзначае, што падчас размовы ўзнікала рэальная дыскусія.

«Калі на пачатку міністр быў закрыты і нават не глядзеў у наш бок, а астатнія разглядалі на фізіялагічным узроўні. Цікава было назіраць за іх паводзінамі. Можа яны чакалі, што мы прыйдзем у цішотках «Раўкова ў адстаўку», але такога не адбылося і мы перашлі ў больш менш канструктыўную размову».

Цалкам размову глядзіце ў «Гарачым каментары»

Каментары