Лябедзька: Ёганэс Ган прапанаваў, каб Дзень Волі апазіцыя і ўлада сустрэлі разам


Праблемы з правамі чалавека па-ранейшаму ёсць, а Беларусь усцяж застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе выконваецца смяротнае пакаранне, але Еўразвяз, вядома, можа разлічваць на афіцыйны Менск. У гаварэнні прыемнасцяў Аляксандр Лукашэнка мае шматгадовую практыку. Вось і сёння падтрымаў сваю аратарскую форму – у часе сустрэчы з еўракамісарам Ёганэсам Ганам. Штопраўда, заходні госць адно кампліментамі не абмежаваўся ды сустрэўся яшчэ і з прадстаўнікамі апазіцыі.

Анатоль Лябедзька кажа, што на сустрэчы з еўракамісарам Ганам іх чакаў сюрпрыз.

«Ёганэс Ган на сустрэчы з Макеем у МЗС зрабіў часткай свайго паслання прапанову, каб Дзень Волі апазіцыя і ўлада сустрэлі разам. Гэта быў вынік працы, якая была праведзена з дыпкорпусам і тое, што Ган гэта рэтрэнсляваў – вельмі і вельмі важна. Я разумею пазіцыю Брюселю, ім не хацелася б вяртацца ў 25 сакавіка мінулага году, калі былі брутальныя затрыманні і турма. А гэта дрэнны фон для стасункаў ЕЗ і Беларусі».

Лябедзька дадае, што чальцы дэлегацыі, пасля прапановы Гана, яны не заўважылі вялікага энтузіязму на тварах суразмоўнікаў.

«Але трэба пачынаць пра гэта гаварыць», – сказаў Лябедзька.

Больш глядзіце ў відэа.