Лябедзька: у Беларусі 20 % найбольш багатых атрымоўваюць ад дзяржавы больш дапамогі, чым 20 % найбяднейшых


Правацэнтрысцкая кааліцыя прапануе альтэрнатыву прэзідэнцкаму Дэкрэту №3, больш вядомаму як «дэкрэт аб дармаедах».

Сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску прадстаўнікі апазіцыі прэзентавалі шэраг заканадаўчых ініцыятыў, якія яшчэ мусяць прайсці праз грамадскае абмеркаванне.

«Мала сказаць, што абвяргаем Дэкрэт №3. Людзі запытваюць: а што вы прапаноўваеце ўзамен, якая альтэрнатыва? Вось гэтую альтэрнатыву на 20 старонках мы сёння прэзентавалі. Там ёсць некалькі падыходаў. Па-першае, гэта адрасная дапамога тым людзям, якім яна патрэбная. Гэта асобны законапраект, які мы можам прадставіць ужо на восеньскую сесію, калі будзе палітычная воля дэпутатаў. На сённяшні момант, у нас у Беларусі 20 адсоткаў людзей найбольш багатых атрымоўваюць ад дзяржавы больш дапамогі, чым 20 адсоткаў найбяднейшых людзей. Гэта алагічна, гэта тупіковы шлях. Зараз у нас няма адрасная дапамогі насамрэч», – кажа старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Таксама ініцыятыва прадугледжвае падтрымку сістэмы адукацыі і аховы здароўя. «Астатняе – гэта занятасць людзей, стварэнне новых працоўных месцаў. Гэта каля 70 падзаконных актаў або законаў», – адзначае палітык.