Лукашэнка рэпрэсіямі кажа Пуціну: «Я свой»


Кіраўнік Беларусі паказвае Расеі сваю лаяльнасць і ўзамен чакае дазволу на працяг кіравання краінай а таксама эканамічных дывідэндаў. Як Лукашэнка перайшоў чырвоную лінію ў дачыненнях з Пуціным? Пра гэта кажа палкоўнік Уладзімір Барадач, былы камандзір брыгады спецназу ў Мар’інай Горцы, у інтэрв’ю з Сяргеем Пелясою ў  праграме «ПраСвет».

Што насамрэч адбываецца ў дачыненнях Беларусі з Расеяй, і што нам рабіць пасля 25-га сакавіка? Іранская нафта для Беларусі ўжо ва Украіне. Як выглядае нафтава-інвестыцыйны покер Менску? Расейскія базы ў Беларусі ў абмен на газ. Ці трэба баяцца вучэнняў “Захад”? Як Расею прабуе пасварыць Беларусь і Літву?

 Паказаць вернасць Маскве

Масавыя затрыманні, пошукі баевікоў, нападкі ў бок амаль усіх суседзяў і ўрэшце – дэкларацыі лаяльнасці да Масквы. У чым прычыны такога развароту, і як дзяржаўныя медыі тлумачаць сітуацыю ў краіне шараговым беларусам? Усевалад Шлыкаў.

 Інтэрв’ю з палкоўнікам Уладзімірам Барадачом

Чаму насамрэч сілавікі кінуліся арыштоўваць беларускіх патрыётаў? Як і хто дэзінфармуе Лукашэнку? Як Расея можа адхіліць яго ад улады? Што нам рабіць пасля 25-га сакавіка?

Былы камандзір брыгады спецназу ў Мар’інай Горцы каментуе сітуацыю ў Беларусі.

 Эканамічны покер Менску

У адэскім порце разгрузіўся танкер з іранскаю нафтаю, якую ўпершыню трубою скіравалі ў Беларусь, на Мазырскі завод перапрацоўвання нафты. Дзяржаўныя медыі дэманструюць пастаўку як дасягненне і пачатак вялікага энергетычнага сяброўства, расейскія – як штосьці непатрэбнае. «ПраСвет» з’ездзіў у Адэсу паглядзець на славуты танкер. Значэнне трубаправодных паставак ацаніў Яраслаў Сцешык.

 Расейская вайсковая база за газ

Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў агучыў падрабязнасці вайсковых вучэнняў «Захад-2017», што адбудуцца ў верасні. Паводле яго, у нашую краіну прыедуць усяго 3 тысячы расейскіх вайскоўцаў. Ці толькі для гэтага Міністэрства абароны Расеі замовіла больш за 4 тысячы вагонаў? Ці хопіць Лукашэнку супольных вучэнняў, каб вырашыць нафтагазавы канфлікт з Масквою?

 Ці Літва пагражае Беларусі?

Літва, абапіраючыся на вайсковыя сілы НАТО хоча аднавіць былое вялікае княства ў ягоных межах. Такое арыгінальнае меркаванне выказваюць аўтары артыкулу, які днямі з’явіўся на шэрагу маргінальных прарасейскіх інтэрнет-старонкаў. Агучваць імёны і рабіць рэкламу аўтарам, ці самым гэтым праектам з аўдыторыяй у 300 чалавек мы не будзем. Тэзісы артыкулу спраўджваў Ігар Кулей.