Гарачы каментар Лукашэнка не аддасць уладу, трансфармацыі не будзе


У Беларусі магчымая «мяккая змена ўлады». У часе сустрэчаў у Вашынгтоне дэлегацыя лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі, нашыя суайчыннікі-апазіцыянеры заявілі, што неўзабаве ў Беларусі адкрыецца «вакно магчымасцяў», якое можа быць выкарыстанае апазіцыяй для «мяккай» змены дзейнай улады.

«Мяккая змена ўлады» не абавязкова будзе на карысць Беларусі, кажа Віталь Рымашэўскі.

«Па-першае, беларускія ўлады і сам Лукашэнка пачынаюць казаць пра рэферэндум, які невядома, у якой ступені можа змяніць паўнамоцтвы на карысць парламенту. Без патрэбы ён бы гэтага не рабіў. Нейкім чынам той чалавек, які атрымае пасаду прэзідэнта зможа тварыць у краіне ўсё, што захоча, як і Лукашэнка».

Рымашэўскі звяртае ўвагу на тое, што вакно магчымасцяў у Беларусі ўжо з’яўляецца.

«Яшчэ 5 гадоў таму немагчыма было ўявіць, напрыклад, святкавання 25 Сакавіка ў цэнтры Менску. А 4 гады таму пра тое, што дзясяткі тысяч людзей будуць ставіць подпісы пад б-ч-б сцягам па закліку Дашкевіча. Беларускі рэжым змяняе форму рэпрэсіяў, цісне на журналістаў і хоча спадабацца Еўропе, захаваўшы поўную ўладу».

Павел Вусаў кажа, што да трансфармацыі яшчэ доўга прыйдзецца чакаць.

«У палітычнай сістэмы Лукашэнкі значна больш рэсурсаў, чым думае апазіцыя. Гэта персаналістскі рэжым. Лукашэнка ніколі ніякаму парламенту ні праз які рэферэндум ды іншыя механізмы не перадасць ніякія паўнамоцтвы. Ён ніколі пра гэта нават не заяўляў. Усё, што тычацца рэферэндуму, тычылася менавіта механізмаў перадачы ўлады і пытання, каму на сённяшні дзень намагаецца перадаць уладу – старэйшаму сыну ці малодшаму. Лукашэнка будзе трымаць сваю ўладу, як Назарбаеў і Аліеў. І гэта не раскрывае ніякага вакна магчымасцяў».

Вакно можа расчыніцца ў двух момантах – слабае здароўе Лукашэнкі і бойка за ўлады ў ягоным атачэнні, калі яны зразумеюць, што ён слабы, кажа Павел Вусаў.

«Пытанне ці гатовая апазіцыя да гэтага вакна магчымасцяў? А яна не гатовая».

Больш глядзіце ў «Гарачым каментары»

Глядзі таксама
Каментары