Ліфты-франкенштэйны ды лятучыя вокны. Гэта менскія новабудоўлі


Пабудаваў кватэру ў беларускай сталіцы? Рыхтуйся адразу яе рэмантаваць. Будаўнічыя хібы, недаробкі, ды нядбайнасць – іх выпраўленнем некалькі год займаюцца жыхары нават дарагіх і прэстыжных жыллёвых комплексаў.

Дому ў першым завулку Фаміна ў Менску ўсяго тры гады, а ён ужо пачынае развальвацца. Самае страшная – моцны вецер вынес пяць вітражоў з балконаў новабуду. Шкло падала на ходнік, па якім штодня ідуць мінакі.

Міхаіл Шчасны, намеснік старшыні таварыства ЖБВК «Магістраль-2010», ужо не спадзяецца, што відавочную будаўнічую нядбайнасць будуць выпраўляць: «Гэта ўжо праблема жыхароў. Нягледзячы на тое, што гарантыйны тэрмін – пяць гадоў. Ну, гарантыю нам і Мінздароўяе дае…»

Кампанія, што займалася вокнамі на аб’екце, ліквідаваная. «Менскае аддзяленне Беларускай чыгункі», якое будавала дом для сваіх працаўнікоў, прыцягнула выпраўляць працу генеральнага падрадніка. Той уставіў разбітае шкло, замяніў гумкі на некаторых балконах ды палічыў, што гэтага дастаткова. А жыхары дагэтуль баяцца хадзіць пад балконамі, бо ў любы момант можа выпасці яшчэ адно шкло.

Жыхары трэцяе чаргі ЖК «Маяк Менску» толькі пасля здачы дамоў звярнулі ўвагу на свае ліфты. Тыя ламаліся, торгаліся падчас руху, выглядалі сабранымі з розных кавалкаў. Выклікалі адмыслоўцаў і апынулася, што з 17 ліфтаў у 16 ёсць дэфекты.

Сяргей Шымко, дольнік, распавядае пра незвычайны «ліфт-канструктар»: «ён складзены з розных частак. Па-сутнасці, ад заводу HAS, пячаткі якога стаяць на ўсіх дакументах – толькі кабіна. Рэшта – вытворчасці фірмаў «Акіс», «Акар»…»

Забудоўнік кажа: прымайце дом хутчэй, а потым мы выправім усе хібы. І знікае. Адзінае выйсце – не прымаць будаўнічыя хібы, змагацца да апошняга. А як дольнікам і таварыству падрыхтавацца да здачы дому, каб потым не хадзіць на судах, глядзіце ў сюжэце праграмы «Асабісты капітал»: