Лідарка прафсаюзу РЭП з Бабруйску: Людзі гатовыя пратэставаць


Лідарка прафсаюзу РЭП Галіна Смірнова распавяла пра напад міліцыянтаў падчас збірання подпісаў супраць «дэкрэту аб дармаедстве» і настроі людзей у Бабруйску.

Усяго ў актывісткі праваахоўнікі забралі каля тысячы подпісаў. Гэта адбылося яшчэ 28 студзеня. Цяпер да тых, хто падпісаўся, тэлефануюць ды пытаюць, ці сапраўды яны гэта зрабілі. А Галіне Смірновай прыйшла позва зʼявіцца ў пастарунак Ленінскага раёну Бабруйску, каб атрымаць пратакол аб парушэнні закону аб масавых мерапрыемствах.

Усё пачалося пасля сустрэчы з дэпутатам Уласевічам. Мы прапанавалі паставіць яму подпіс у падтрыманне ініцыятывы адмены дэкрэту нумар 3. Ён запытаў, колькі подпісаў мы сабралі і быў здзіўлены, што іх шмат. Я сказала, што каля 1000 – роўна столькі, колькі яму спатрэбілася, каб уступіць на сваю пасаду. І запыталі, што ён думае. Ён сказаў, што лічыць, што закон прыняты правільна, і што ў Беларусі не працуюць толькі лянівыя. Мы прапанавалі пайсці з намі і паслухаць, што кажуць грамадзяне.

Вельмі цяжка знайсці працу, людзі пастаянна жывуць у страху, што іх звольняць. Напружвае. Людзі гатовыя пратэставаць і адстойваць свае правы, але многія проста баяцца, бо трымаюцца, за тое, што ёсць.

Нягледзячы на затрыманне, мы ўсё роўна будзем збіраць подпісы. Мне сказалі, што ў маім зборы подпісаў нічога не было парушана. Цяпер я пачула гэта ў другі раз.

Глядзіце размову Сяргея Падсасоннага з Галінай Смірновай у «Гарачым каментары»