Лібералы святкуюць перамогу ў Канадзе


ЖЫХАРЫ АТАВЫ:«Я спадзяюся, што ўрад зменіць, напрыклад, падаткі для сярэдняга класу».«Зменшыце падаткі!»

Так і выйшла. Большасць месцаў у парламенце ўпершыню за апошнія дзевяць гадоў атрымала Канадская ліберальная партыя, якая мае ў праграме абарону вольнага прадпрымальніцтва ў спалучэнні з актыўнай рэгуляцыйнай роляй дзяржавы. Лібералы абяцаюць падтрымаць айчынны бізнес, захаваўшы сацыяльныя гарантыі для малазабяспечаных групаў насельніцтва. Новым прэм’ерам будзе лідар кіроўнай партыі.

ДЖАСТЫН ТРУДО, ЛІДАР КАНАДСКАЙ ЛІБЕРАЛЬНАЙ ПАРТЫІ:«Сёння канадцы з усёй вялікай краіны ясна сказалі: надышоў час зменаў, сябры мае, вялікіх зменаў».

Змены для Джастына Трудо – сямейная традыцыя. Ягонага бацьку, П’ера Трудо, які таксама быў прэм’ер-міністрам Канады, лічаць бацькам мадэрнізацыі Канады. Кансерватары пакуль будуць у апазіцыі.

ДЖАСТЫН ТРУДО, ЛІДАР КАНАДСКАЙ ЛІБЕРАЛЬНАЙ ПАРТЫІ:«Стывэн Гарпэр служыў гэтай краіне цэлую дэкаду, і, як і кожнаму, хто прысвяціў сваё жыццё Канадзе, мы дзякуем яму за ягоную працу».

Змена ўлады па-канадску праходзіць культурна, з узаемнай павагай. Стывен Гарпэр прызнаў паразу, ды сыдзе з пасады не толькі прэм’ера, але і лідара партыі.

СТЫВЭН ГАРПЭР, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР КАНАДЫ:«Нашая краіна – адна з самых трывалых дэмакратый у сучасным свеце, і сёння 42-гі раз за 148 гадоў канадцы выбралі нацыянальны парламент. І хоць вынік дакладна не такі, на які мы спадзяваліся, народ ніколі не памыляецца».

Новая дэмакратычная партыя, якая на пачатку кампаніі выглядала магчымым пераможцам, згубіла прыкладна траціну месцаў у федэральным парламенце.НН, belsat.eu[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]