Легенда і слава Анджэя Вайды


«Трэба зрабіць у жыцці вельмі шмат, каб пасля смерці засталося хоць нешта». Вялікі польскі рэжысёр Анджэй Вайда, які пайшоў з жыцця ў нядзелю 9 кастрычніка, свайму дэвізу адпавядаў: творчы плён кінарэжысёра – каля 50 фільмаў, не лічачы дакументальнага кіно і спектакляў.

Выпускнік слыннае кінашколы ў Лодзі, Вайда дэбютаваў у 1955 г. фільмам «Пакаленне». Ужо ў 1956 г. наступны фільм «Канал» пра Варшаўскае паўстанне прынёс яму міжнародную славу – Вайда атрымаў «Срэбную пальму» на кінафестывалі ў Канах. Ён вырасціў цэлае пакаленне геніяльных актораў і здолеў перадаць ім самае істотнае, што меў сам, лічыць рэжысёр і педагог Уладзімір Колас, які быў асабіста знаёмы з Вайдам:

«Анджэй Вайда – гэта асоба, гэта чалавек, які яшчэ захаваў памяць і культурныя традыцыі ХІХ ст., шляхецтва, высакароднасці і які перажыў столькі эпох, перажыў столькі трагедыяў… Ягоны бацька, як мы ведаем, загінуў у Катыні. Тым не менш, ён захоўваў сувязі і з расейскай культурай – і гэта ніяк яму не перашкаджала».

На фільмах Анджэя Вайды можна вучыцца гісторыі Польшчы – маляўнічыя, поўныя надзеяў, болю і праўды «Попел і дыямент», «Зямля абяцаная», «Чалавек з мармуру», «Чалавек з жалеза», «Пан Тадэвуш», «Катынь», «Валэнса. Чалавек з надзеі» у найменш спрыяльныя часы выхоўвалі і давалі надзею пакаленням палякаў, а таксама цаніліся ў свеце: пяць ягоных фільмаў, уключна з найноўшым – «Павідокі» – намінанаваліся на прэмію «Оскар».

Амаль ува ўсёй сваёй творчасці Вайда абапіраўся на польскую літаратуру, паказваючы ў сваіх фільмах, як на фундаментальныя тэмы можна размаўляць мовай кінематографу. Ягоныя фільмы фармавалі ментальнасць усёй Усходняй Еўропы, лічыць рэжысёр Юрый Хашчавацкі:

«Вайда паўплываў не столькі на постсавецкіх, колькі на савецкіх людзей, якія рабіліся постсавецкімі. На мой погляд, Вайда – адзін са слупоў той агромністай еўрапейскай рэвалюцыі, якая адбылася ў 80-х гадах».

У 2000 г. за ўнёсак у сусветны кінематограф Анджэй Вайда атрымаў ганаровы «Оскар». Да апошніх дзён жыцця рэжысёр працаваў, да нядаўна – выкладаў у сваёй школе рэжысёрства.

Анджэй Вайда шанаваў і імкненне беларусаў да незалежнасці: у 2014 г. ён асабіста ўручыў у Варшаве прэмію імя Віктара Івашкевіча прадстаўнікам «Свабоднага тэатру».

Памёр Анджэй Вайда на 91-м годзе жыцця і будзе пахаваны ў Кракаве.

Іншыя тэмы:

Валерыя Лабко лепей ведалі за мяжой, чымся дома. Альбом твораў памяці фатографа-легенды зʼявіўся на «Месяцы фота».

Пакаранне смерцю – гэта незваротна. Рок-гурты Беларусі выступілі за жыццё.

Ідэі роўных магчымасцяў – у жанры мюзіклу для дзяцей і дарослых.

Мары Музею палескай культуры ў дзень 90-годдзя.

Вольга Гардзейчык, Наста Храловіч