Лабадзенка: Мне спадабалася пазіцыя гісторыкаў Акадэміі навук па БНР


Вялікая дата для кожнага з нас, беларусаў – 100-годдзе абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі – вось ужо зусім хутка, 25 сакавіка. Спадарства чакае адмысловае выданне «Студыі Белсат». Але не толькі!

Багата чаго цікавага на нашым тэлеканале будзе прысвечана Святу Незалежнасці. У прыватнасці, чарговы выпуск ток-шоу «Кожны з нас». Як цвердзяць аўтары праграмы, «упершыню за доўгія гады па-сапраўднаму кампетэнтныя прафесіяналы сабраліся ў адной студыі ды па драбніцах разбіраюць найважнейшыя пытанні пра БНР. Меркаванні ўдзельнікаў ток-шоу «Кожны з нас» падзяліліся. Такіх эмоцыяў гледачы «Белсату» не бачылі даўно».

У «Гарачым каментары» – вядоўца праграмы «Кожны з нас» Глеб Лабадзенка.

«У нас там ёсць два супрацоўнікі Інстытуту гісторыі: доктар навук, прафесар Валянцін Голубеў і Валянцін Мазец – адзін з двух людзей, які абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме БНР. Менавіта гэтыя людзі фармуюць дзяржаўную пазіцыю. Нядаўна мы бачылі інсайдэрскую інфармацыю, што чыноўнікі звярнуліся ў Акадэмію навук, каб высветліць, якая ў іх павінна быць пазіцыя па БНР. Дык вось пазіцыя ў іх па БНР мне спадабалася. Канешне, не магу перад перадачай раскрываць усе карты, але ў мяне не было ніякіх пярэчанняў, калі яны агучвалі гэтую пазіцыю», – заявіў Глеб Лабадзенка.

Глядзіце выданне «Кожны з нас» 9 сакавіка а 18:40.

Фотаздымак на застаўцы да відэа з сайту Рады Беларускай народнай рэспублікі