Культура, крокам руш!


Ад захавання гістарычнае спадчыны да правілаў правядзення дыскатэк – Кодэкс аб культуры, які мае рэгуляваць усе бакі культурніцкага жыцця краіны, набывае моц 3 лютага.

Неабходнасць рэфармаваць сферу культуры ды мастацтва наспела даўно. Ідэйным натхняльнікам сучаснага Кодэксу стаў былы міністр культуры Павел Латушка. Магчыма, менавіта таму дакумент упершыню – за часы існавання Рэспублікі Беларусь – напісаны па-беларуску. А рэгуляваць культурніцкую палітыку стала прасцей, бо ўсе заканадаўчыя акты цяпер сабраныя пад адною вокладкаю, адзначае культуролаг, эксперт Ліберальнага клубу Вадзім Мажэйка: «Вельмі добра, што Кодэкс аб культуры прынялі. Бо яго прыняцце – пэўны неабходны крок, без якога немагчыма ісці далей».

Кодэкс прынясе шмат станоўчых зменаў. Напрыклад, беларуская мова дзякуючы яму набыла статус нематэрыяльнае спадчыны. Спонсараў і мецэнатаў прызналі асобнымі субʼектамі – цяпер яны змогуць афіцыйна дапамагаць культурніцкім праектам. Але большасць зменаў датычыць галіны археалогіі. Праводзіць даследаванні цяпер мажліва толькі з дазволу Акадэміі навук, а прадаваць гістарычныя артэфакты дазволена толькі музеям.

Гэта мусіць абмежаваць дзейнасць гэтак званых чорных капальнікаў. Аднак дамагчыся стварэння выразнае палітыкі ў сферы культуры праз кодэкс гэтак і не ўдалося, падкрэслівае Вадзім Мажэйка: «Шкада, што ў кодэксе няма дакладна прапісаных нормаў наўпроставага дзеяння менавіта наконт стратэгіі. Толькі пазначана, што стратэгію палітыкі прымае прэзідэнт, але не вельмі зразумела, у якія тэрміны ён яе прымае, і як мусіць ісці над ёю праца».

Як адзначае старшыня Таварыства беларускае мовы Алег Трусаў, рэалізацыя станоўчых зменаў мажлівая, калі на культуру заплануюць вылучаць не менш за 2,5 % ад бюджэту. У іншым жа выпадку шмат якія артыкулы рызыкуюць наўпрост застацца на паперы. Стварыць праблему можа і няправільнае размеркаванне траншаў: «Рэстаўрацыю нельга праводзіць зімою, нельга праводзіць збольшага фэсты зімою. Трэба, каб на вяснова-летні перыяд асноўная маса грошай прыходзіла, а не так, што першыя паўгода грошай няма, а потым зʼяўляюцца грошы, зімою будуецца сцяна замку, а пасля яна падае».

Адмыслоўцы адзначаюць, што над лепшым кодэксам яшчэ варта працаваць. Аднак вынікі першай спробы рэфармавання мы пабачым ужо сёлета.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

«Сваё кіно» – недзяржаўнае добрае і праблемнае – штомесяц у Менску.

Гісторыя Беларусі праз прызму вады – на карцінах Аляксандра Сільвановіча.

Аляксандр Саладуха – канцэртамі збірае на альбом і часам глядзіць «Белсат».

Юлія Лабанава, Вольга Гардзейчык belsat.eu