«Kufar» у Гомлі


У Гомлі вучылі лаяцца па-беларуску ды спявалі фольк у рокавай манеры. Тэмаю чарговых заняткаў гомельскіх курсаў «Мова нанова» была беларуская лаянка, а гасцямі – гурт «Re1ikt», які, праўда, табуяванай лексікі не выкарыстоўваў, але спяваў па-беларуску. Наведнікам курсаў новы імідж гурта спадабаўся.

«Яны памянялі стыль, калі перайшлі з расейскай на беларускую мову. У іх памянялася гучанне, яны сталі больш таямнічыя, на мой погляд, і гэта дадало ім разынку», – сцвярджае Аляксандр, адзін з удзельнікаў «Мовы нанова».

Музыкі гомельскага паходжання, што жывуць у Менску, прывезлі на радзіму свой апошні беларускамоўны альбом «Kufar», з якога чаго толькі ні выцягнулі: і аўтэнтычныя песні ў рокавай апрацоўцы, і аўтарскія творы, у тым ліку на вершы Янкі Купалы, і гімн беларускамоўнага футбольнага клубу «Крумкачы».

Такое ўкладанне адпавядае назве альбому – сцвярджае бубнач гурта Аляксандр Дземідзенка: «Гэта і ёсць куфар, дзе складзеныя нейкія рэчы, мы вырашылі што будзе не добра, калі мы будзем проста выкідаць гэтыя песні ў інтэрнэт, яны могуць згубіцца».

Трэці беларускамоўны альбом «Куфар» гурт «Re1ikt» прэзентаваў напрыканцы 2016 года, а на мінулым тыдні творы з яго гучалі на курсах «Мова нанова» ў Горадні. Увогуле ж рэліктаўцы – сталыя ўдзельнікі курсаў і абʼездзілі з такімі канцэртамі большую частку Беларусі.

Іншыя тэмы: Выстава «Чалавек і чалавек» адкрываецца ў Цэнтры сучасных мастацтваў. 14 намінацыяў для «Ла-ла Лэнд» і не «занадта белы» «Оскар».

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук belsat.eu