Свет Крэмль назваў правакацыямі намётавыя мястэчкі ў Сірыі


Правакацыямі называюць прадстаўнікі Крамля размяшчэнне Турцыяй намётавых мястэчак для ўцекачоў на тэрыторыі Сірыі. Ды дадаюць, што Турцыя вядзе падрыхтоўку да паўнавартаснага ўварвання на суседнюю дзяржаву. Такія заявы зрабіў міністр замежных справаў Расеі падчас інтэрвʼю расейскай газеце «Московский комсомолец».Турцыя вядзе патаемныя перамовы з «Ісламскаю дзяржаваю», – такімі звесткамі з выданнем «Московский комсомолец» падзяліўся міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў. Але найбольшую заклапочанасць палітык выказаў у сувязі з планамі туркаў стварыць зону бяспекі на сірыйскай тэрыторыі, вольную ад «Ісламскай дзяржавы», характарызуючы такія планы, як узброенае ўварванне.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ:«Гэта, безумоўна, будзе парушэннем усіх прынцыпаў міжнароднага права, а таксама істотна ўскладніць і якасна павысіць эскалацыю».

Але менавіта ўзмацненне вайсковай аперацыі Расеяй прывяло да непатрэбнай эскалацыі канфлікту і да адмовы сірыйскай апазіцыі браць удзел у мірных перамовах у Жэневе. Раней з такою заяваю выступіў Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Джон Керы, пазней – канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель. Учора расчаравання расейскімі дзеяннямі не хаваў прэзідэнт Еўрапейскае Рады.

ДОНАЛЬД ТУСК, ПРЭЗІДЭНТ ЕЎРАПЕЙСКАЙ РАДЫ:«Дазвольце мне дадаць каментар адносна Расеі, чые дзеянні ў Сірыі робяць ужо і без таго вельмі дрэнную сітуацыю яшчэ горшаю. Як наўпроставы вынік расейскай ваеннай кампаніі крывавы рэжым Асада набірае абароты. Умеркаваная сірыйская апазіцыя губляе зямлю, а тысячы ўцекачоў бягуць у бок Турцыі ды Еўропы».

Такім чынам, пачатак лютага стаў чарговым знакавым перыядам у дачыненнях Расеі з вонкавым светам. Размовы пра прыпыненне заходніх санкцыяў імкліва змяніліся на паўсюднае асуджэнне. Задавальненне выказваюць толькі прадстаўнікі рэжыму Асада.

УМАР УСІ, КІРАЎНІК НАЦЫЯНАЛЬНАГА КАМІТЭТУ ПРЫМІРЭННЯ:«Я думаю, што сірыйскае войска зрабіла прагрэс па ўсёй сірыйскай тэрыторыі дзякуючы ваенным аперацыям і тактыцы. З пашырэннем вайсковага прагрэсу будзе пашырацца і праца камісіі ў справе прымірэння. Праца нацыянальнага прымірэння значна эканоміць грошы ды высілкі, а таксама дапамагае сірыйскаму народу, войску і ўраду».

Расейскія спробы ўратаваць рэжым Асада ўступілі ў непрымірымае сутыкненне з заданнямі іншых удзельнікаў гэтага канфлікту. Задача, якую хоча дасягнуць Масква, рэалізуецца толькі праз новы раўнд крывавае вайны, у якой хаўруснікамі Крамля сталі б Іран ды «Хізбула». Але апошнія – лютыя ворагі большасці рэгіянальных гульцоў. А таму застаецца толькі здзіўляцца здольнасці Пуціна абʼядноўваць супраць сябе тых, хто ў іншых умовах ніколі б не сеў за адзін стол перамоваў.ЯБ, «Белсат»

Каментары