Крэмль намагаецца выйсці з украінскай пасткі праз сірыйскія дзверы?


«Мы лічым вялікай памылкаю адмову ад супрацы з сірыйскімі ўладамі, урадавымі войскамі, з тымі, хто мужна змагаецца з тэрорам», – заявіў Уладзімір Пуцін.«Рэалізм патрабуе кіраванага пераходу ад Асада да новага лідара, да новага ўраду, які будзе прызнаны. Трэба спыніць хаос, каб сірыйскі народ мог спакойна прыступіць да адбудовы міру», – так выказаўся Барак Оўбама.

Але тое, што адбылося пасля афіцыйных прамоваў падчас юбілейнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, паводле некаторых назіральнікаў, можна лічыць пераломным. Прэзідэнты Пуцін і Оўбама першы раз пасля абвастрэння сітуацыі ва Украіне сустрэліся сам-насам. Гэтым разам у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Таямніцы спаткання выдаў журналістам расейскі кіраўнік адразу ж пасля яе заканчэння.

«Мы толькі што абмяркоўвалі з прэзідэнта Оўбамам разнастайныя аспекты нармалізацыі сітуацыі ў Сірыі ды ўвогуле барацьбы з тэрарыстычнымі арганізацыямі на тэрыторыі гэтай дзяржавы», – адзначыў Пуцін.

Чаму замест расейска-ўкраінскай вайны на першы план перамоваў выйшла пытанне ўдзелу Расеі ў барацьбе з тэрарызмам? Паводле некаторых назіральнікаў, змяніць падыход да Крамля прымушае ЗША і Еўразвяз, і шэраг абставінаў. «Ісламская дзяржава» і міграцыйны крызіс у Еўропе нясуць усё большую пагрозу свету, а намаганні Захаду развязаць сірыйскі крызіс пакуль скончыліся нічым. Таму заяву прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы падчас апошняга выступу ў Асамблеі ААН наўрад ці можна лічыць выпадковай.«Злучаныя Штаты Амерыкі гатовыя супрацоўнічаць з кожнай нацыяй, у тым ліку Расеяй ды Іранам, каб развязаць канфлікт у Сірыі», – заявіў Оўбама.Якую выгаду ў новай сітуацыі можа атрымаць Крэмль? Для Уладзіміра Пуціна, на думку часткі экспертаў, актыўны супольны з Захадам удзел у працэсе нармалізацыі сітуацыі ў Сірыі можа азначаць вяртанне Расеі на міжнародную арэну ў якасці паўнавартаснага партнёра. Маўляў, Крэмль намагаецца выйсці з украінскай пасткі праз сірыйскія дзверы. Дагэтуль невядома, як бакі пераадолеюць розныя пункты гледжання, што да будучыні прэзідэнта Сірыі Башара аль-Асада і характару магчымай ваеннай аперацыі. Расея пакуль выключае ўсялякія наземныя аперацыі, але дапускае ўдзел у авіяўдарах.