Крэмль кажа пра свае кантакты са штабамі як Клінтан, так і Трампа


Крэмль падтрымліваў кантакты з прадстаўнікамі штабоў Гілары Клінтан і Доналда Трампа. Гэтак заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў. У сваю чаргу прэсавая служба новаабранага прэзідэнта ЗША зняпраўдзіла гэтую інфармацыю. Тым часам антытрампаўскія пратэсты ў асобных гарадах дайшлі да пункту кіпення ды перайшлі ў масавыя закалоты.

Расейскія адмыслоўцы падтрымлівалі кантакты з адмыслоўцамі штабоў нядаўніх кандыдатаў на прэзідэнцтва ЗША Гілары Клінтан і Доналда Трампа. Гэткае прызнанне зрабіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Расейскі чыноўнік выказаў надзею, што пасля перамогі Трампа дачыненні паміж Масквой і Вашынгтонам нарэшце палепшацца, пры гэтым намякнуўшы на блізкасць поглядаў новаабранага прэзідэнта ЗША ды Пуціна.

«Гэта фенаменальна, наколькі яны блізкія ў сваім канцэптуальным падыходзе ў вонкавай палітыцы. І гэта, напэўна, добрая падстава для пакуль вельмі сціплага аптымізму. У тым плане, што хаця б пачнецца перыяд, калі гэтыя аўгіевы стайні ў двухбаковых дачыненнях пачнуць разграбаць», – адзначыў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

Між тым прэс-служба Доналда Трампа зняпраўдзіла інфармацыю, быццам штаб палітыка меў якія-небудзь кантакты альбо сувязі з любымі замежнымі структурамі.

Сам жа Трамп пакуль шукае паразумення не з Пуціным, а з дзейным кіраўніком Злучаных Штатаў. Сустрэча новаабранага прэзідэнта з Баракам Оўбамам у Белым доме была хутчэй падобная да сустрэчы двух аднадумцаў, чымся апанентаў.

«Мяне вельмі абнадзеіў інтарэс, які выказаў новаабраны прэзідэнт Трамп, да працы з маёй камандаю ў шмат якім пытаннях, што стаяць перад нашаю краінаю. Я думаю, што ўсім нам неабходна, незалежна ад партыйнай прыналежнасці ды палітычных сімпатыяў, абʼяднацца і пачаць працаваць разам», – сказаў прэзідэнт ЗША Барак Оўбама.

Новаабараны кіраўнік ЗША Доналд Трамп адзначыў: «Я з нецярпеннем чакаю магчымасці, каб у будучым папрацаваць з прэзідэнтам Оўбамам, у тым ліку ў межах кансультацыяў. Ён ужо распавёў мне пра цяжкасці, якія стаяць перад намі, а таксама пра вялікія магчымасці, каб развязаць гэтыя праблемы».

Пры гэтым яшчэ некалькі дзён таму сустрэча Трампа і Оўбамы выглядала б амаль нерэальнаю. Падчас выбарчай кампаніі дзейны прэзідэнт-дэмакрат называў мільярдэра некампетэнтным і не вартым пасады прэзідэнта. Трамп, у сваю чаргу, крытыкаваў Оўбаму і нават вінаваціў яго ў стварэнні тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Тым часам не згодных з вынікамі аўторкавых выбараў за апошнія содні не паменшала – падчас сустрэчы Трампа ды Оўбамы дзясяткі людзей прыйшлі да Белага дому, каб выказаць свой пратэст новаабранаму прэзідэнту і ягонай антымігранцкай рыторыцы.

«Боль, боль. Шмат болю, шмат… Я баюся за сябе, за свайго сына, за людзей, якіх я ведаю, якія не маюць дакументаў, я баюся за сваіх стрыечных братоў, якія ажаніліся», – казалі пратэстоўцы.

А ў Портлэндзе антытрампаўскія пратэсты нават перараслі ў масавыя закалоты – не згодныя з абраннем Доналда Трампа дэманстранты закідалі камянямі паліцыянтаў, якія, у сваю чаргу, выкарысталі гумавыя кулі і пярцовы газ.

Сам новаабраны прэзідэнт назваў гэткія пратэсты несправядлівымі, а іх удзельнікаў – прафесійнымі актывістамі, якія паддаліся на правакацыі медыяў.

Віталь Бабін, «Белсат». Фота wikipedia.org