«Крама» адзначыла 25 гадоў


Гурт справіў юбілей вялікім канцэртам у менскім «Prime Hall». Каля тысячы чалавек сабралася ў гэты вечар пачуць юбіляраў. У першай частцы канцэрту песні «Крамы» праспявалі госці.

«Такі канцэрт першы ў нашым жыцці, такі атрымаецца маленькі фестываль, маленькі трыб’ют, бо ў нас няма трыб’юту», – распавядае Ігар Варашкевіч.

«Будзь разам з намі» – гэта першае, што я пачуў, калі пазнаёміўся з гэтым гуртом, калі скончыў школу, па тэлевізіі. Яна мне падабалася тады, падабаецца мне і зараз», – кажа лідар «J:МОРС» Уладзімір Пугач.

«Выбралі песню «Бяжы, хлопец», бо адчуваем сябе такімі маладымі хлапцамі, якім якраз гэта падыходзіць. Гэта наш дэвіз!», – распавядае Павел Булатнікаў з гурту «TRUBETSKOY».

У сярэдзіне 90-ых «Крама» задае трэнд у беларускай рок-музыцы. Гурт перамагае на «Басовішчы», расейскім рок-фэсце «Пакаленне» ды атрымлівае першую «Рок-Карону». Песні з іхнага дэбютніку «Хворы на рок-н-рол» разыходзяцца на цытаты.

Кожны альбом «Крамы» (а іх ужо сем) дае яскравыя гіты. Пры тым свайму ўлюбёнаму блюз-року гурт не здрадзіў ані разу.

За адданасць стылю і даўгалецце «Краму» параўноўваюць з «Rolling Stones». Як адзначае сябар гурта, бубнач Андрэй Філатаў, калі і параўноўваць беларусаў са знакамітымі брытанцамі, дык у гурта Ігара Варашкевіча яшчэ ўсё наперадзе.

Сяргей Будкін, Марына Вашкевіч belsat.eu