Котаўка — жыві! Як спынілі вырубку дрэваў


Абаронцы скверу змаглі на час спыніць высяканне дрэваў

Абарона сталічнага сквера Котаўка перайшла ў фазу актыўных дзеянняў. Спроба працаўнікоў Зеленбуду і Рэмаўтадару спілаваць дрэвы ператварылася ў бойку з мясцовымі жыхарамі ды актывістамі, якія абаранялі сквер ад вынішчэння. Паводле праекту, частку скверу Менгарвыканкам вылучыў пад будаўніцтва касцёлу. Каб падрыхтаваць пляцоўку, меліся высекчы каля дзясятай часткі дрэваў. Сітуацыя вакол скверу ўвесь час заставалася напружанаю, і вось на пачатку снежня яна выбухнула. Вялікі рэзананс вакол гэтай праблемы паспрыяў таму, што чыноўнікі прыпынілі знішчэнне дрэваў у скверы. Але ці надоўга…

На прыкладзе Магілёву распавядаем пра сітуацыю з беспрацоўем

Ад пачатку года ўва ўсёй краіне лічба звольненых перавышае колькасць прынятых на працу на 89 тыс. асобаў. Нашыя карэспандэнты ў Магілёве вырашылі даведацца, куды можна ўладкавацца праз цэнтры занятасці. Вакансіяў на біржы працы небагата – зразумела, што толькі малой частцы беспрацоўных можа пашчасціць. Дый нават калі атрымаецца ўладкавацца, заробкі мізэрныя. Праўда, прыніжальны статус беспрацоўнага не самае кепскае з таго, што можа напаткаць чалавека ў нашай краіне. Сумна вядомы Дэкрэт № 3 пра сацыяльнае ўтрыманства заганяе людзей у пастку. Сябры Аб’яднанае грамадзянскае партыі маюць збіраць подпісы пад калектыўным зваротам за адмену гэтага дакументу, каб затым скіраваць іх дэпутатам парламенту ад Магілёву.

Суд у Маладзечна пастанавіў, што загінулая школьніца на полі не працавала, а выхоўвалася

Суд Маладзечанскага раёну не задаволіў грамадзянскага пазову Алега Папчэні да калгасу «Усход-Агра» і пастанавіў, што ягоная загінулая 13-гадовая дачка на полі не працавала. Паводле суда, школьнікаў адвезлі на сельскагаспадарчыя працы ў адпаведнасці з выхаваўча-адукацыйным планам школы. Нагадаем, што трагедыя адбылася 29-га верасня. Васьмікласніцу Вікторыю Папчэню ад школы № 11 выслалі збіраць бульбу на калгасным полі. Там на дзяўчынку наехаў цяжкавік, дарогаю ў шпіталь яна памерла. Бацькі Вікторыі збіраюцца аспрэчваць пастанову Маладзечанскага суда.

Мінакі пра свае чаканні ад новага году

Да заканчэння 2016 года засталося некалькі дзён. Сярод значных падзеяў, што адбыліся сёлета і закранулі бадай кожнага беларуса, гэтак званы падатак на ўтрыманства, абранне новага парламенту і дэнамінацыя рубля. Мы запыталіся ў мінакоў, што яны б хацелі пакінуць у гэтым годзе і чаго чакаюць ад наступнага.

Як чацвертая ўлада працуе на карысць грамадзянаў

За 2016 год карэспандэнты «Маю права» зрабілі больш за паўтары сотні сюжэтаў з розных куткоў краіны пра тое, што хвалюе жыхароў. Пасля ўдзелу медыяў некаторыя з праблемаў развязалі або прынамсі быў нейкі пазітыўны зрух. Пра некаторыя з іх мы і распавядзем у нашым сюжэце. Звяртайцеся! Мы працуем для вас!