«Кнігай года» прызналі зборнік вершаў Насты Кудасавай, і пачаліся спрэчкі


У Менску ўручылі прэмію «Кніга года» – узнагароду атрымаў зборнік вершаў Насты Кудасавай «Маё невымаўля».

Прэміяй штогод уганароўваюць пісьменнікі – самым шырокім складам: кожны, хто цягам сямі гадоў выдаў кнігу, можа прагаласаваць за абранага калегу.

Сёлетні выбар выклікаў бурную дыскусію ў медыях і сацыяльных сетках. Як высветлілася, шмат хто чакаў перамогі рэзананснай кнігі Андруся Горвата «Радзіва Прудок», якая ў галасаванні літаратараў і пісьменнікаў заняла пятае месца. Пытаннем, «ці кніга года – гэта і падзея года», задаўся, у прыватнасці, публіцыст Стась Карпаў:

«Нашыя літаратары ў вялікай ступені існуюць самі для сябе: яны лічаць, што літаратура ўнутры іх. А для мяне беларуская літаратура важнейшая, чым аднадзённыя ці шматдзённыя персанажы. Калі ў нас зʼяўляюцца людзі, якія называюць падзеяй года падзею, што важная для іх асабіста, гэта здрабняе маю літаратуру».

Папулярнасць кнігі Горвата стала для беларускай літаратуры сапраўдным феноменам: без рэкламы і адмысловых PR-акцыяў кнігу раскупілі праз папярэднія замовы. Давялося дадрукоўваць наклад, а па атрыманне кнігі з подпісам стаялі вялікія чэргі – карціна для Беларусі нязвыклая. Арганізатары ж конкурсу не бачаць у выбары пісьменнікаў нічога незвычайнага, кажа сябра ПЭН-цэнтру Уладзь Лянкевіч:

«Літаратары часцей звяртаюць сваю ўвагу прафесійную на паэзію, шараговы чытач вершаў трохі баіцца, яшчэ са школьных часоў, магчыма».

А пра кнігу, якая зрабілася адкрыццём для гэтак званага «шараговага чытача» Уладзь Лянкевіч кажа так:

«І літаратарам падабаецца Горват, чытаюць яго і пісьменнікі, многія прачыталі яго толькі цяпер, у 2017 годзе. Гэта можна пабачыць па «Фэйсбуку» – можна прасачыць. Таму ніякага канфлікту я не бачу, гэта проста розныя густы».

Канфлікт, аднак, ёсць, і магчыма, пытанне – у іншым: што ж азначае тэрмін «кніга года» для чытача і для пісьменніка ды чым гэтыя паняткі розняцца?

Стась Карпаў, публіцыст:

«Ты прыходзіш у тусоўку і кажаш: глядзіце, якую клёвую кніжку я прачытаў. І калі такіх людзей набралася шмат, гэтая кніга перамагае. Тады давайце называць гэта лабістамі, а не журы».

На думку пісьменніка Андрэя Федарэнкі, адзначаць на падобных прэміях трэба не адну, а некалькі кніг – калі яны таго вартыя:

«Калі выйшла 6 кніжак харошых, можна даць 6 прэміяў, калі на наступны год ніводнай – не даваць ніводнай, гэта патрэбна быць не гульнёй, а такой бягучай працай у залежнасці ад абставінаў».

Прэмія «Кніга года» сёлета ўручаецца трэці раз за найлепшае – на меркаванне пісьменнікаў – празаічнае ці паэтычнае выданне мінулага года. Пераможца атрымлівае адну тысячу еўраў у эквіваленце, другія і трэція месцы не прадугледжаныя.

Іншыя тэмы:

«Дзень святога Патрыка» Ганны Севярынец, гісторыя кахання да мовы; пейзажы і ваяжы Марыны Несцярук.

Глядзіце таксама:

Настасся Храловіч, Вольга Гардзейчык, belsat.eu