Класкоўскі пра справу «Белага легіёна»: Улады могуць нарвацца на непрыемнасці


«Ісламская дзяржава», фашызм, гітлерюгенд, японскі журналіст, украінскі майдан, – лягчэй назваць, чаго не было ў новым гэтак званым расследаванні ад дзяржаўнага тэлебачання. 40-хвілінны рэпартаж, пад якім зноў-такі не падпісаўся сваім імем ніводзін аўтар, выйшаў напярэдадні на канале «Беларусь-1».

Паводле аўтараў фільму спецслужбам удалося перадухіліць правакацыю на Дзень Волі, якую нібыта рыхтавалі былыя сябры «Белага легіёну» і іншыя абвінавачаныя па крымінальнай справе аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. У фільме не бракуе маніпуляцыйных прыёмаў, да прыкладу, нацыянальная беларуская сімволіка перабіваецца кадрамі нацысцкай Нямеччыны, трэніроўкі спартовага клубу – архівамі гітлерюгенду. Традыцыйна дасталася і незалежным медыям, якія асвятлялі пратэстныя падзеі: «Белсат», Радыё «Свабода», Наша Ніва, Тут.бай, паводле прапагандыстаў, нібыта запрашалі людзей у пастку 25-га сакавіка.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Я думаю, што нават шырокая маса беларусаў ня верыць гэтай прапагандзе. Ня думаю, што гэтыя страшылкі надта працуюць».

Справу «Белага легіёну» і прапаганду беларускага тэлебачання Класкоўскі лічыць доказам таго, што ніякай беларусізацыі пры цяперашнім палітычным рэжыме быць ня можа.

«Улады, цяперашні рэжым, ніколі не былі па духу беларускімі. І сам Аляксандр Лукашэнка ў свой час узвысіў сябе і пазіцыянаваў сябе перад Масквой на гэтым міфу, што тут былі нацыяналісты, быў шабаш, што рускіх ужо пасадзілі на валізкі, а я прыйшоў, маўляў, разабраўся. А сёння зноў, калі патрэба ў маскоўскай дапамогі абвастрылася, выгадна рэанімаваць гэты міф і паказаць, што тут перадухілі нейкі крывавы нацыяналістычны шабаш. Улада па сутнасці паказала сваю існасць. Ніколі яны не разумелі нацыянальную ідэю, гісторыю. Там пара канʼюнктурных выказванняў была ў Лукашэнкі кшталту таго, што нам патрэбен здаровы нацыяналізм, але па іроніі лёсу праз пару тыдняў пачалі “мачыць” менавіта шчырых патрыётаў Беларусі. Таму разбіты сёння ілюзіі наконт мяккай беларусізацыі. Як я і пісаў, далей за БРСМ у вышыванках гэта ня пойдзе. Каб пачалася сапраўдная беларусізацыя патрэбна іншая ўлада. Цяпер гэта відавочна».

Класкоўскі мяркуе, што справа «Белага легіёна» кепска адабʼецца на стасунках афіцыйнага Менска з Захадам:

«Хоць Еўропа ўзяла больш прагматычны курс на дачыненні з беларускім рэжымам, але, ведаеце, цяпер гэтыя дачыненні падпадаюць пад вельмі вялікае выпрабаванне, бо Еўропа ўсё ж мусіць трымацца сваіх каштоўнасцей і калі далей будуць разгортвацца рэпрэсіі, то беларускія ўлады могуць даскакацца і нарвацца на вялікія непрыемнасці. У перспектыве гэта могуць быць і санкцыі, калі зʼявяцца палітзняволеныя, але, ва ўсякім разе, перспектывы атрымання заходніх грошаў, якія і так былі даволі хісткія, цяпер становяцца яшчэ больш прывіднымі».

Класкоўскі лічыць, што затрыманых па справе «Белага легіёна» ужо не адпусцяць проста так – справа дойдзе да суду:

«У нас яшчэ са сталінскіх часоў улада мысліць так: у нас дарэмна не бяруць, калі патрапілі туды, то значыць вінаватыя. Натуральна, што проста так гэтых людзей адтуль не выпусцяць (хаця частку ўсё ж выпусцілі), напэўна справа дойдзе да суду».

Больш у відэаматэрыяле