Класкоўскі – пра Regnum: «Беларусь мае права бараніцца. Пытанне – як»


Заўтра на месцы аўтараў адыёзнага расейскага парталу на судовай лаве могуць апынуцца незалежныя журналісты. Працэс над супрацоўнікамі «Regnum» каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Рэгнумаўцы – песняры імперыі. Адзін з іх падчас допыту заявіў, што ён грамадзянін СССР. Даўно СССР разваліўся, а яны дагэтуль жывуць у свеце вялікадзяржаўных, імперскіх ілюзіяў. Яны адмаўляюць беларусам у праве на сваю дзяржаву, на сваю гісторыю і сваю мову. Мяне асабіста як грамадзяніна Беларусі гэта абурае», – заяўляе Аляксандр Класкоўскі.

«У гэтай сітуацыі не трэба быць «карыснымі ідыётамі» – разважаць проста пра свабоду слова. Разбуральную сілу расейскай прапаганды мы пабачылі на прыкладзе Украіны, у якой цяпер няма Крыму і мора крыві пралілося на Данбасе. Вось якую цану даводзіцца плаціць за тое, што Масква прасоўвае свае імперскія амбіцыі ў тым ліку праз знішчальную прапаганду», – кажа госць праграмы.

З улікам таго, што Беларусь – больш зрусіфікаваная і меншая па памерах, чымся Украіна, трэба адчуваць ступень небяспекі і разумець, што ў гэтай сітуацыі дзяржава мае права бараніцца. І трэба бараніцца. Пытанне – якімі сродкамі і наколькі эфектыўная гэтая абарона, – лічыць эксперт.

«У мяне валасы станавіліся дыбам, калі я даведаўся, што яны атрыманне ганарару за публікацыі кваліфікуюць як «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць». Так любога журналіста, якія супрацоўнічае з замежнымі медыямі, або любога творчага чалавека можна зрабіць крымінальнікам. Сёння гэта адпрацоўваюць на «кепскіх» персанажах, а заўтра гэтую адпрацаваную методыку могуць ужыць супраць іншых – тых, хто сапраўды змагаецца за свабоду слова, за незалежнасць Беларусі», – дадае Аляксандр Класкоўскі.

Поўную размову Валера Руселіка з Аляксандрам Класкоўскім глядзіце ў «Гарачым каментары»

ДД