Класкоўскі: Пасланне Лукашэнкі гучала як пастанова ЦК КПСС


«Канцэптуальна гэтае пасланне было абсалютна шэрым, нецікавым. Яно фактычна не ўтрымлівала ніякіх механізмаў дасягнення фармальна правільных задачаў кшталту павысіць эфектыўнасць вытворчасці, укараняць інавацыі і гэтак далей. То бок у гэтым сэнсе пасланне гучала прыблізна як колішнія пастановы ЦК КПСС. «Павысіць», «узмацніць», але без механізмаў дасягнення гэтых мэтаў», – адзначыў эксперт.

Аляксандр Класкоўскі адзначыў «хітры ход» кіраўніка Беларусі, які адмовіўся гаварыць пра бліжэйшую пяцігодку, а нібыта засяродзіўся на задачах і выкліках, што чакаюць краіну бліжэйшым часам.

«Калі казаць пра пяцігодку, то ўжо ёсць праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года, падрыхтаваны ўрадам, і гэты праект таксама не канцэптуальны. Ён ужо раскрытыкаваны незалежнымі экспертамі, бо там стратэгіі няма, і ён не ўтрымлівае праграмы структурных рэформаў, без якіх выйсці на плюс у эканоміцы нават у сярэднетэрміновай перспектыве немагчыма», – заўважыў Аляксандр Класкоўскі.