Класкоўскі: Лукашэнка спрабуе «нахіліць» эканоміку, а яна помсціць за гвалт


«Год навукі павінен стаць знакавым і па-сапраўднаму пераломным!» – Аляксандр Лукашэнка раздаваў сёння навуковыя дыпломы і атэстаты і, па старой завядзёнцы, не скупіўся на высокія моўныя абароты ды шчодрыя абяцанкі. А таму нават калі 2017-ы і не атрымаецца годам нейкіх навуковых пераломаў, то годам чарговых абяцанак ужо стаўся.

Ну а якая галоўная абяцанка ў Лукашэнкі – акрамя перамогі над карупцыяй і мірнага неба над галавою? Заробкі! 500 амерыканскіх «зайцоў» у беларусаў будзе, а шмат у каго нават ёсць ужо зараз, а таму неўзабаве будзе і тышча, абяцае Лукашэнка. А хто не верыць, той хай партфель кладзе на стол! Зажывем жа мы тады, калі пачнем прадаваць не толькі тое, што ўмеем рабіць, але і тое, чаго не ўмеем! Вось такі Год навукі, спадарства! У «Гарачым каментары» – палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Адзіная ідэя – даць усім «па пяцьсот». У мяне версія, што Лукашэнка ў гэтым сэнсе мае вялікую псіхалагічную траўму. Ён столькі гадоў пануе, усё, што не скажа, тое і выконваецца, поўны ўладар, а тут двойчы загадваў, каб забяспечылі заробак у $ 500, нібыта забяспечвалі, а потым усё раптам абвальваецца. Думаю, яго вельмі раздражняе і злуе, што ён ніяк не можа даць укарот эканоміцы. І цяпер робіцца чарговая спроба эканоміку, кажучы ягонымі словамі, «нахіліць». Але эканоміка за гвалт заўжды помсціць, і, на жаль, нічога добрага не абяцае і гэтая чарговы раз пастаўленая валюнтарысцкая задача», – заявіў Аляксандр Класкоўскі.

Глядзіце таксама: