Класкоўскі: Лукашэнка не згодзіцца ісці пад маскоўскага цара


На Сочынскім паседжанні 14 траўня будзе абмяркоўвацца план далейшага развіцця Еўразійскага эканамічнага саюзу. Запланаваная асабістая сустрэча паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным, якія абмяркуюць праблемныя пытанні. Пасля сустрэчы кіраўнік Беларусі накіруецца ў Душанбэ, сталіцу Таджыкістана, дзе правядзе сустрэчу з кіраўніком гэтае краіны Эмамалі Рахмонам. Замежныя візіты Аляксандра Лукашэнкі мы абмеркавалі з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.

У эфіры нашага каналу Аляксандр Класкоўскі ўзгадаў «зарубу» паміж цяперашнімі кіраўнікамі Беларусі і Расеі ў 2002 годзе:

«У Лукашэнкі ёсць такая звычка – ён злівае нейкія канфідэнцыйныя рэчы. Ён абураўся, што нават Сталін да такога не дагаварыўся, каб шасцю вобласцямі, маўляў, уключаць Беларусь у Расею. Тады быў такі бой быкоў, і Пуцін зразумеў, што натрапіла каса на камень, і так голымі рукамі Лукашэнку не возьмеш. Для Лукашэнкі гэта сапраўды апошні рубеж. Ён бачыць, як Пуцін абыходзіцца з тымі ж расейскімі губернатарамі, на некаторых апранаюць кайданкі гэтак жа лёгка, як Лукашэнка на сваіх вертыкальнікаў. Таму Лукашэнка на гэта ніколі не пойдзе. Ён даўно ўвайшоў у смак кіравання ў асобнай краіне, дзе ён сам з’яўляецца царом і пад маскоўскага цара ён ніяк не згодзіцца пайсці».