Кітайскія русалкі. Навагодняе купанне ў Паўночным моры


Нічога падобнага раней я нідзе не бачыў. Неўзабаве ў Кітаі надыдзе год Чырвонага вогненнага Пеўня. Але гэта здарыцца яшчэ не заўтра. А вось ужо цяпер варʼяцкую папулярнасць там набылі курсы «Як зрабіцца русалкаю». Гэта можна лічыць жартам, але шмат хто ставіцца сурʼёзна, нават, літаральна. Адзін доктар з ліку маіх сяброў лічыць, што калі зʼявіцца магчымасць змяняць гены, дык абавязкова адшукаюцца людзі, якія захочуць зрабіцца кімсьці яшчэ!

Новы вялікі кітайскі акварыум у горадзе Гуанчжoў паспеў праславіцца тым, што там дзяўчаты з захапленнем замяняюць свае ногі русалчынымі хвастамі.

Ідэя настаўніцы плавання Дады Лі аказалася паспяховай:

«Мне падабаюцца русалкі. А таксама юныя дзяўчаты, якія мараць зрабіцца такімі рыбінамі. Я распрацавала адмысловую тэхніку навучэнства, яна трохі нагадвае фры-дайвінг».

Дада Лі – прафесійны дайвер. Ёй 32. Прыдумала гэтыя русалчыны курсы напрыканцы 2015-га. І за год колькасць навучэнцаў вырасла ў разы. Нават, спатрэбіліся іншыя інструктары.

«Я не дыхаю пад вадой і магу заставацца там цягам некалькіх хвілінаў. Ну дык чаму не быць русалкаю? Акрамя практыкаванняў, я здымаю відэа, як плаваюць мае вучні. Атрымліваецца, на маю думку, неймаверна прыгожа», – кажа Дада Лі.

Насамрэч, гэтае захапленне паўстала ў Кітаі пасля стужкі «Русалка» рэжысёра Стывена Чу. Я паглядзела яе, згадала свае дзіцячыя мары і пастанавіла ажыццявіць іх. І гэта не жарт.

Цікава, што курс навучэнства доўжыцца 3 дні і каштуе 4 тыс. юаняў. Гэта каля $ 575. Без ніякіх жартаў.

Наступныя водныя працэдуры адбываюцца ў галандскім мястэчку Шэвенінгэн. На адкрытым паветры. На ўзбярэжжы Паўночнага мора. Можна сказаць, што гэта своеасаблівая сустрэча новага года.

«Я купаюся ў зімовай вадзе штогод, – кажа канадзец, які жыве ў Галандыі. – Гэты заплыў амалоджвае і асвяжае».

Сапраўды асвяжае – тэмпература паветра падчас здымкаў была 0 градусаў. А вады – каля 2-х па Цэльсію. Цікавіць іншае – сюды зʼехаліся аж 10 тыс. асобаў, каб узяць удзел у зімовым заплыве.

«А я сюды прыходжу дзявяты год. Увогуле, наш клуб і гэтая навагодняя традыцыя распачалася яшчэ напрыканцы 1960-х гадоў», – кажа мужчына.

Можна, канешне, пажартаваць, але ў гэтай падзеі шэраг сурʼёзных спонсараў. Таму пасля купання ў мястэчку граюць лацінаамерыканскія гурты, увечары адбываецца шоу феерверкаў, а парадак забяспечваюць 2 тыс. паліцыянтаў.

Сяргей Філімонаў, belsat.eu