Давайце разбірацца Як кітайскія крэдыты павялічваюць залежнасць Беларусі ад Расеі. Расследаванне «Белсату»


Чым больш Беларусь набірае звязаных крэдытаў ад КНР, тым больш мае патрэбу ў нязвязаных грошах ад Расеі, каб выплочваць растэрміноўку за кітайскі імпарт.

Падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай 13-15 траўня, паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, Лукашэнка пераканаў кампанію «СІТІК-груп» інвеставаць у Беларусь 1,5 млрд. долараў, а іншыя кампанія пагадзіліся інвеставаць яшчэ больш за 1,2 млрд долараў у сельскую гаспадарку.

Паводле Нацбанку сумарныя назапашаныя інвестыцыі Кітая ў Беларусь за ўвесь час склалі 141 млн. долараў. КНР толькі летась увайшоў у топ-10 інвестараў у Беларусі.

«Кітайскія прадпрымальнікі максімальна прагматычны. Атрымліваць у іх інвестыцыі ў абмен на пацалункі не атрымаецца», – кажа старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Агульна вядома, што кітайскія інвестыцыі гэта пераважна не інвестыцыі, а звязаныя крэдыты. Але цікава тое, што выдзяленне нават гэтых крэдытаў у апошнія гады скарачаюцца. Гэтак у 2015 годзе, калі Пекін пацвердзіў выдзяленне Беларусі крэдытнай лініі на 15 млрд. долараў па факце Менск атрымаў на 100 млн. долараў менш, чым за год да гэтага. Летась кітайская крэдытныя крыніца скарацілася яшчэ амаль на столькі ж і склала менш за паўмільярда долараў.

Звязаныя крэдыты – гэта аплата ў растэрміноўку імпарту тавараў і паслуг. Чым горшая эканамічная сітуацыя ў Беларусі, тым менш яна можа імпартаваць нават у растэрміноўку. Плюс чым больш расце замежны доўг Беларусі, тым менш ахвотна прадае нам Пекін тавары без перадаплаты, асцерагаючыся дэфолту.

 

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат» 

Каментары