Кінапрэмʼера тыдня: «На ігле-2»


Працяг культавага брытанскага фільма праз 20 гадоў.

Сяргей Філімонаў, вядоўца: Калісьці фільм рэжысёра Дэні Бойла «Трэйнспотынг, ці На ігле» зрабіўся адным з ліку самых культавых у свеце.

Цяпер знялі другую частку. Нават, незразумела, што там можа быць апрача настальгіі? Але крытыка ў фільма – добрая. Сцвярджаюць, што цікава. Неўзабаве можна будзе пераканацца ў гэтым.

Сусветная прэмʼера фільма адбылася ў сталіцы Шатландыі – горадзе Эдзінбург. Прысутнічалі ўсе выканаўцы галоўных роляў класічнай стужкі: Джоні Лі Мілер, Робэрт Карлайл, Юан МакГрэгар ды іншыя.

МакГрэгар пасварыўся з рэжысёрам Дэні Бойлам яшчэ ў 2000-м. Без аднаўлення іхных стасункаў гэты новы фільм было б зняць немагчыма.

«Я хацеў здымацца ў фільме Бойла «Пляж», але ён запрасіў ДыКапрыё. Затым аўтар «Трэйнспотынга» Ірвін Уэлш выдаў раман-працяг з назвай «Порна». І я ведаю, што Дэні нібы планаваў экранізаваць яго. Гадоў 10 таму ў іх быў сцэнар, але я не збіраўся браць удзелу, ды і сцэнар, кажуць, быў слабы. Спатрэбілася яшчэ 10 гадоў, каб усё склалася», – кажа МакГрэгар.

Келі МакДональд, акторка, якая дэбютавала ў старым «Трэйнспотынгу» таксама тут:

«Так, мы моцна змяніліся за гэты час. 21 год! Цэлае жыццё. Але новы фільм не настальгічны, хоць тут і згадваюць мінулае. Падзеі не даюць сумаваць».

Рэцэпт стварэння новай стужкі трымаўся на трох кітах: наркотыкі, грошы і секс. Жыццё ідзе сваёй хадою, а гэта – пастулаты. Яны не змяняюцца. Усё круціцца вакол гэтага. Злачынствы, акалічнасці, праблемы, жарты, гаворкі – усё.

А Дэні Бойла, здаецца, больш за іншае цікавіла музыка, якая гучыць у фільме. Вось што кажа сам рэжысёр:

«Я адшукаў гурт «Young Fathers» (ён цяпер найлепшы ў Шатландыі). А таксама, нам пашанцавала, што «Underworld» вярнуліся на вялікую сцэну. Таму тут у нас выбітная фанаграма. Праўда, падзеі, таксама захапляюць. Я стараўся».

Бюджэт «Трэйнспотынга-2» склаў $ 18 млн. Касавы збор у Брытаніі перавысіў $ 26 млн. Адзін гэты факт сведчыць пра поспех фільма. У беларускім пракаце «Трэйнспотынг-2» глядзіце з 8-га сакавіка.

Чытайце таксама:

Сяргей Філімонаў, belsat.eu