Кінапрэм'ера сезону: «Золата». Мэт'ю МакКонагі


Фільм рэжысёра Стывена Гэгана выклікае сапраўдную цікавасць.

А ці хочацца вам адшукаць золата? А ці падабаецца вам сачыць за людзьмі, якія апантана яго шукаюць? Ды не дзе-небудзь, а ў джунглях Інданэзіі. У папулярных экзатычных месцах. Але не ўсё так проста. Бо здымаў наступны фільм экс-рэжысёр і сцэнарыст надта разумнай стужкі 10-гадовай даўніны «Сірыяна» Стывен Гэган. І таму «Золата» выклікае сапраўдную цікавасць. Прэмʼера «Золата» адбывалася ў Нью-Ёрку.

Мэтʼю МакКонагі распавядае:

«Тыпаж майго героя (а ён сапраўдны золаташукальнік Кені Ўэлз) нагадвае мне бацьку: спажывец з бязмерным апетытам. Ён жрэ, пʼе, паліць, хлебча гарэлку. Такія выцягваюць з жыцця ўсё, але рэдка жывуць даўжэй за 60. Кені Ўэлз быў такі, мой бацька быў такі. Я ведаў, што граць».

«Золата» – гэта не прыгодніцкі фільм, але нешта болей складанае. Так, тут ёсць экзотыка, але ёсць і трылер, і дэтэктыў, нават палітыка. І характары герояў складаныя. Як у жыцці. Бо сюжэт запазычылі акурат з жыцця.

Жонкай героя ў фільме працавала акторка Брайс Говард:

«А я ведала, што Мэтʼю набярэ вагу для здымкаў, што будзе хадзіць лысы, і што, нават, паставіў агідныя фэйкавыя зубы. Але не змагла ўтрымацца, калі ўбачыла яго на пляцоўцы ўпершыню. Тое быў жах».

Таксама Брайс падкрэслівае сваю дасведчанасць:

«Я жыву ў шлюбе цягам 16-ці гадоў. І ведаю ўсё, бо адбывалася ўсё: разбягаліся, вярталіся, былі спрэчкі, скандалы, нават, паэтычныя моманты былі. Я грала ў фільме сябе».

Герой апантаны ідэяй-фікс. Ён кідае сваякоў, жонку, звыклы сусвет і накіроўваецца невядома куды. Што чакае яго на шляху? Шмат усяго. І пераслед, і барацьба, і заблытаныя акалічнасці. Паплечніка героя ў фільме ўвасабляў актор Эдгар Рамірэз:

«Былі моманты, калі я запытваў сябе: што ты такое робіш? Тут джунглі. Мы бачылі кобру некалькі разоў, выклікалі паляўнічых. Нават, тыгры хадзілі побач. І надворʼе тады было складаным».

І, вось, урэшце, бачым рэжысёра Стывена Гэгана. Гэта ён стварыў выбітны фільм «Сірыяна» у свой час.

«Канешне, я хацеў, каб усё было натуральна. І калі Мэтʼю ўпершыню выйшаў на здымачную пляцоўку, я здзівіўся, зрабіў фотку і даслаў яе маці. І яна з жахам у голасе, з такім паўднёвым акцэнтам запыталася ў мяне: Даражэнькі, што ты зрабіў з гэтым прыгожым акторам?» – кажа Стывен Гэган.

Што ж, здымачны калектыў ганарыцца вынікам іхнай працы. Бо бюджэт «Золата» быў невялікі. Мяркуем, што праверыць той «вынік працы» варта.

«Золата» пачынае дэманстравацца ў беларускім пракаце з 2-га сакавіка.

Чытайце таксама:

Сяргей Філімонаў, belsat.eu