Агляд падзеяў культуры Казкі і сцяг ад Міколы Купавы: выстава вядомага мастака


Дзякуючы ягоным партрэтам мы ўяўляем, як выглядалі Міндоўг і Вітаўт, а беларускія казкі ў ягоным афармленні цешылі не адно пакаленне дзяцей. Мастак Мікола Купава, якому летась споўнілася 70 гадоў, адзначыў паўстагоддзя творчай дзейнасці вернісажам «Айчына светлая мая», што адкрылі ў Палацы мастацтваў.

Нацыянальная гісторыя вабіла Міколу Купаву з маладосці. Сваю дыпломную працу – серыю лінарытаў – у 1970-я гады мастак прысвяціў паўстанню Кастуся Каліноўскага ды абараніў яе на «выдатна».

Але пачалося ўсё яшчэ раней – з гэтага пейзажу Верхняга гораду, які ён напісаў у 1964 годзе. Да тэмы зніклага старога Менску мастак будзе звяртацца шматкроць: «Вы бачыце, наколькі адмысловая архітэктура, каларыт, і з гэтага пачынаецца адлік маёй самастойнай творчасці».

На рахунку Міколы Купавы – з чатыры дзясяткі кніг і альбомаў: пра Якуба Коласа, Янку Купалу ды іншых беларускіх дзеячаў, а за энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час» у 1988 годзе мастак атрымаў медаль Скарыны. Але самаю значнаю сваёй працаю ён лічыць… бел-чырвона-белы сцяг. У 1991 годзе як удзельнік парламенцкай геральдычнай камісіі мастак распрацоўваў эталон: колер – насычаны цёмна-чырвоны – і прапорцыі дзяржаўнага сцяга.

А найбольш душэўная, любімая і радасная творчасць для Міколы Купавы – гэта казкі. Малюнкі да «Сіняй світы» памятаюць тысячы беларускіх дзяцей родам з 1980-х: «Казка – гэта вобраз, гэта архітэктура, гэта тыпаж, гэта матэрыяльная культура, гэта навакольнае асяроддзе, гэта ўсё!»

Услаўляючы Беларусь, піетэт Мікола Купава мае да малой радзімы – Воршы, кажа старшыня Аршанскага аддзялення ТБМ Юрый Нагорны:

«Яго душа, яго сэрца заўсёды тут, на Аршаншчыне. Гэта ён увесь час клапоціцца аб узнаўленні Базыльянскага кляштару, гэта ён увесь час малюе слаўную аршанскую перамогу на беразе Крапівенкі».

На пытанне, які час быў самы плённы, мастак адказвае, што гэты час – цяпер, бо шмат якія задумы ён толькі пачынае рэалізоўваць. Напрыклад, каб скончыць серыю партрэтаў князёў ВКЛ, трэба яшчэ з дзясятак гадоў.

Іншыя тэмы:

Першая пастаноўка п’есы на постсавецкай сцэне – летняя прэм’ера ў Магілёве.

Мастачка, якая малюе вадой.

Касель і Афіны чакаюць на «Дакумэнту-14».

Глядзіце таксама:

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, belsat.eu

Каментары