Кая Рэнкас прывезла ў Менск выставу пра вайну


Польская мастачка бачыць пэўную прыгажосць у брыдкасці вайны.

Кая Рэнкас добра вядомая ў свеце і мала – у Беларусі. Сёння яна прэзентуе ў Менску цыкл графічных працаў «Трансфармацыі», прысвечаны тэме вайны, якая зноў зрабілася блізкая і грамадству, і мастачцы асабіста.

Кая паказвае сваю творчасць у нашай сталіцы не ўпершыню. Летась ейная выстава плакатаў «Кая для Каі» таксама дзівіла менчукоў як няпростаю тэмаю, гэтак і выкананнем, дзе мастачка выкарыстоўвае найноўшыя трэнды. Рэнкас працуе ў жанры плаката, графічнага дызайну і прыкладной графікі. Некаторыя з плакатаў леташняе выставы можна пабачыць і на сёлетнім паказе «Трансфармацыі».

«Гэта расповед пра пагрозу вайны, пра страшныя рэчы, але прэзентаваныя, калі так можна сказаць, эстэтычна, крыху палепшана, каб у брыдкасці вайны паказаць нейкую прыгажосць, у гратэску, у пераўвасабленнях. Паказаць як нешта эстэтычнае і цікавае візуальна», – кажа Кая Рэнкас.

У працах польскай мастачкі – сюррэалізм вайны і погляд на яе жахі з незвычайных ракурсаў, неймаверныя спалучэнні людзей і машынаў, перапляценні старога з новым. Зладзіў выставу Каі Рэнкас Польскі інстытут у Менску.

«У кожным з плакатаў ёсць постаці, якія мы ведаем з папулярнай культуры даваеннага часу, і ёсць таксама элементы абсалютна сучасныя», – кажа дырэктар Польскага Інстытуту Матэўш Адамскі.

Выстава адкрытая ў галерэі «Акадэмія» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў да 30 красавіка.

Марыя Арцыбашава, Вольга Гардзейчык

Іншыя тэмы:

  • Страхі паэткі: выйшаў дэбютны зборнік вершаў Ганны Комар.За фэнтэзі – будучыня літаратуры, мяркуе Аляксей Шэін;
  • Мадагаскар і Марока вачыма гомельцаў;
  • Нятрэбка заспявае для беларусаў. Праўда, праз мікрафон.