Касцёл і кляштар у Смалянах чакаюць дапамогі


Унікальныя дамініканскія касцёл і кляштар у Смалянах хутка могуць знікнуць.

Закінуты кляштар некалькі гадоў таму мясцовыя ўлады паспрабавалі знесці, на шчасце, тады менскім актывістам удалося абараніць помнік гісторыі. Аднак цяпер і касцёл, і кляштар стаяць без дахаў, а дзверы і вокны даўно згубленыя. Пра рэстаўрацыю гаворкі не ідзе. Калі гэтак застанeцца і надалей, хутка гэтыя помнікі гісторыі могуць быць страчаныя назаўжды…

Іншыя тэмы праграмы «Рэпартэр»:

«Перажытае-незабытае» – новая кніга выдавецтва «Галіяфы»

Спадар Вікенцій Мароз ёсць увасабленнем сапраўднай беларускай душы.

У гады адукацыі ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі быў сябрам Саюзу беларускай моладзі, у час Другой сусветнай вайны быў жаўнерам Войска Польскага, а пазней – настаўнікам мовы і літаратуры. Сваю першую кнігу выдаў некалькі тыдняў таму, ва ўзросце 93-х гадоў. Збор успамінаў «Перажытае-незабытае» – гэта выразны адбітак складанага і трагічнага часу: жыццё пад акупацыяй, вайна, якой аддадзена два з паловай гады, і паваенны перыяд з усімі яго нягодамі.

Сакрэты выпякання хлеба ў вясковай печы

Уладзімір Кучмасаў даўно марыў навучыцца выпякаць хлеб у вясковай печы, гэтак, як рабілі нашыя продкі.

Аднойчы ён выпадкова прачытаў пра Сцепаніду Лупач, жыхарку Глыбоччыны. Яна выпякае хлеб паводле старадаўняга двухсотгадовага рэцэпту, які ўключаны ў Спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Спадар Уладзімір адшукаў жанчыну і папрасіў яе падзяліцца сакрэтамі майстэрства.

Фота на застаўцы staydreamerbro.com