Карупцыйны скандал у Бразіліі працягваецца


Імёны былога прэзідэнта Бразіліі ды ягонай жонкі зноў гучаць у кантэксце карупцыйнага скандалу і махінацыяў у дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Petrobras». Федэральная пракуратура высунула абвінавачанні супраць самага папулярнага палітыка краіны.

Карупцыя ў Бразіліі мае сістэмны характар. Яна распаўсюджаная на ўсіх узроўнях федэральнага, муніцыпальнага і дзяржаўнага кіравання. Гэткія словы абвінавачання прагучалі падчас прамовы дзяржаўнага пракурора краіны. Асноўнай жа мэтай выступу было данясенне факту – генеральная пракуратуру ўпэўненая: Луіс Інасіў Лула да Сіўва не толькі ведаў, але і стаяў на чале махінацыяў у дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Petrobras».

«Усе нашыя праверкі прайшлі праз гарызанталь розных дырэктаратаў «Petrobras». А пасля і іншых дзяржаўных органаў, а таксама праз вертыкаль да асноўных лідараў гэтых злачынных схемаў, дасягнуўшы вяршыні іерархіі злачыннай арганізацыі. Сёння пракуратура абвінавачвае спадара Луіса Інасіў Лула да Сіўва як галоўнага кіраўніка карупцыйнай схемы», – заявіў дзяржаўны пракурор Бразіліі Дэлтан Даланьёл.

Раней супраць 70-гадовага былога кіраўніка краіны ўжо высоўвалі абвінавачанні. Сярод іншага ў валоданні маёмасцю, не пазначанай у дэкларацыі, адмыванні грошай ды ў перашкодах антыкарупцыйнаму расследаванню. Сам палітык і ягоныя паплечнікі называюць справу палітычна матываванай. Найперш праз планы да Сіўва балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах 2018-га года.

«Луіс Інасіў Лула да Сіўва і ягоная жонка Летысья да Сіўва публічна і рашуча абвяргаюць абвінавачанні федэральнага міністэрства на падставе выразнай судовай непаслядоўнасці. Абвінавачанні губляюцца ў спектаклі з дэманстрацыяй аперацыі адмывання грошай. Пракуратура абвінаваціла Лулу як кіраўніка злачыннай арганізацыі, але яны забыліся пра сваю галоўную задачу – падаць доказы злачынстваў», – адзначыў Крыстыяну Занін, абаронца Луіса Інасіў Лула да Сіўва.

Расследаванне пад неафіцыйнай назвай «Аўтамыйка» цягнецца ўжо больш за два гады. Мяркуецца, што ў злачынстве замешаныя больш як 60 бразільскіх палітыкаў. У тым ліку адхіленая ад улады кіраўніца краіны і паплечніца да Сіўвы Дыўма Русэф. На адмысловай прэсавай канферэнцыі прадстаўнік пракуратуры паведаміў, што праз маштабную схему карупцыі страты на прадпрыемстве «Petrobras» склалі амаль $ 13 млрд.