Карціны з віртуальнага свету паказваюць у прасторы «Корпус»


Надзяваем шалом – і пераносімся ў іншы свет. Віртуальная рэальнасць – гэта штучная прастора, якая дае ілюзію поўнага пагружэння. Тэхналогія з’явілася яшчэ ў 1990-я гады, але цяпер зазнае сапраўдны бум. Ацаніць яе могуць не толькі аматары гульняў – яна адкрывае вялікія магчымасці практычна ў любой сферы. Можна віртуальна асвоіць прафесію пілота або прымераць сукенку, спраектаваць дом, пабываць на Эверэсце або зрабіць хірургічныя аперацыі. Трапіць у гэты выдуманы свет у Менску можна ў Галерэі віртуальнай рэальнасці. Яе стваральнікі найперш хочуць паказаць людзям мастацтва – музыкам, рэжысёрам, ілюстратарам, архітэктарам, – як новая тэхналогія можа зрабіцца інструментам для творчасці.

«На кінафестывалі «Лістапад» сёлета мы рабілі цэлы дзень віртуальнай рэальнасці і арганізоўвалі штосьці накшталт віртуальнага кінатэатру, калі шмат людзей прыходзілі і адначасова ў акулярах віртуальнай рэальнасці глядзелі адзін фільм», – згадвае Дзмітрый Соркін, арганізатар ініцыятывы «Vir:Art».

Цяпер жа галерэя засяродзілася на выяўленчым мастацтве. У межах ініцыятывы «Vir:Art» новыя магчымасці прапанавалі ацаніць чатыром беларускім мастакам. Цягам двух тыдняў яны трэнаваліся, а на імпрэзе, што адбылася ў прасторы «Корпус», прэзентавалі свае аб’екты ў жывым часе.

«Гэта чымсьці падобна на скульптуру. Але не проста скульптуру, а скульптуру дынамічную. Бо калі, напрыклад, я ляплю з глею твар, ён статычны. А тут я магу тое самае рабіць пэндзлямі і пры гэтым дапаўняць дынамічнымі элементамі. То бок я магу намаляваць медузу, якая будзе нібыта дыхаць», – дзеліцца ўражаннямі ілюстратарка Надзея Макеева.

Мастачка робіць рухі рукамі, а мы бачым на экране ейнае візуальнае ўспрыманне музыкі. Для Надзеі Саяпінай гэты досвед – працяг працы онлайн ва ўзаемадзеянні з музыкамі: «І адпаведна гэта такая магчымасць віджэінгу або нечага падобнага, калі можна штосьці маляваць онлайн, і гэта праектуецца на экран».

Працы, створаныя ў віртуальнай рэальнасці, лёгка перанесці ў сапраўдную – у выглядзе фота, відэа або мадэлі, раздрукаванай на 3D-прынтары. Новы від мастацтва прыходзіць у сусветныя выставачныя залы. Магчыма, экспазіцыі, дзе можна будзе віртуальна вандраваць па фантазіі аўтара, у недалёкай будучыні з’явяцца і ў Беларусі.

Іншыя тэмы:

«Генеалагічная майстэрня» ў Горадні – ахвотным дапамогуць пісаць гісторыю роду.

«Гісторыя рэчаў: прасы, вагі і самавары» – выстава ў навукова-тэхнічнай бібліятэцы Берасця.

Ужо сёння – «Спеўны сход» з «Народным Альбомам».

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»