Канфарміст або нонканфарміст: як вызначыцца?


Якое яно, мастацтва супраціву, сёння? Каму ці чаму падпарадкоўваюцца або не сучасныя мастакі, і ці ўва ўсе часы супраціў ёсць неадемным складнікам сапраўднага мастацтва?

У траўні 2015 года часопіс «pARTisan» зладзіў выставу «Менск. Нонканфармізм 1980-х» з унікальнымі фотаздымкамі з жыцця неафіцыйнай мастацкай сцэны часоў перабудовы. Тэма абудзіла дыскусіі ды ўспаміны відавочцаў, таму цяпер часопіс рыхтуе адмысловае выданне на гэтую тэму, а ў Менску напярэдадні выдання адбылася гарачая дыскусія пра неабходнасць супраціву ў мастацтве. Мастак і пісьменнік Адам Глобус мяркуе, што мастак без супраціву – не мастак: «Я лічу, што наколькі мастак супраціўляецца – настолькі ён уласна і мастак. Наколькі ён рэагуе на свет, наколькі ў яго рэакцыя моцная і яркая, настолькі ён мастак. І таму пра самых яркіх, самых «супраціўляльных» ды самых тэмпераментных мастакоў і зробленае выданне».

Час аднак грае сваю ролю. І калі нонканфармісты 80-х супраціўляліся афіцыйнаму мастацтву ды савецкаму рэалізму, а мастакі былі абмежаваныя межамі краіны, колам людзей і доступам да інфармацыі, то цяпер поле супраціву пашырылася, думае гісторык Аляксей Братачкін: «Мы гаворым не толькі пра напружанне паміж мастакамі і дзяржаваю, але пра мастакоў і глабалізацыю, мастакоў і нацыяналізм, мастакоў і рынак ды гэтак далей. На мой погляд, сёння стратэгіі мастакоў змяніліся, хаця можна таксама адзначыць, што нейкія рэчы засталіся з савецкіх часоў – і ў першую чаргу размова ідзе пра палітыку дзяржаўных інстытуцыяў».

Пры тым, хоць палёў дзейнасці для мастацкага супраціву паболела, прысутныя адзначалі, што не бачаць пратэставага мастацтва цяпер, а на месца нонканфармізму прыходзіць канфармізм. Арганізатарка і мадэратарка дыскусіі, каардынатарка праекту «pARTisan» Таня Арцімовіч мяркуе, што ўзнятая тэма вартая вялікага даследавання.

«Зразумела, што мы не ахопім усяго, і яшчэ трэба, і тут бы спыніцца, таму што кніга можа адцягнуцца па сваім выданні – але як аказалася, гэта была добрая задума, бо людзі пачынаюць гаварыць, казаць пра тое, што яны памятаюць, з’яўляюцца новыя імёны, і думаем, што пасля нашага выдання павінен быць працяг».

Выданне пра нонканфармізм 80-х амаль гатовае і мае з’явіцца прыблізна праз месяц.

Іншыя тэмы:

  • Здымкі жыцця сямʼі – у розных краінах і на розных этапах. Выстава ў Магілёве.
  • Які ты, гарадзенскі анёл?
  • Шакіра атрымала «Crystal Awards» у Давосе.

Вольга Гардзейчык