«Калядная казка» ў Мастацкім музеі: з чым у Беларусі ўслаўлялі Хрыстова нараджэнне


«Калядная казка» ўжо ахапіла Нацыянальны мастацкі музей. Выстава, якая адкрылася на першым паверсе, невялікая, але сапраўды казачная і цёплая. Бо яна паказвае, як па-рознаму ў беларускай традыцыі ўслаўляецца Хрыстова нараджэнне – у вытанчаных старажытных іконах або ў саламяных фігурках народных майстроў. Але цуд свята чаканы для ўсіх.

Старажытныя традыцыі саломапляцення прэзентуюць дзве сучасныя майстрыхі, якія працуюць у розных тэхніках. Фігуркі коней ды авечак, якія беларускія сяляне ставілі на калядны стол, зрабіла мастачка Ларыса Лось.

«Нягледзячы на сваю мастацкую адукацыю (скончыла Акадэмію мастацтваў), яшчэ з дзяцінства яна пераймала досвед сялянкі з Магілёўскай вобласці ды захавала адну з найстаражытнейшых тэхнік саломапляцення», – падкрэслівае куратарка выставы Вікторыя Пракошына.

Сцэна Нараджэння – сапраўдны саламяны шэдэўр Любові Сілівончык. Аўтарка скульптурна перадае рухі, складкі адзежы, дробныя дэталі.

Не бывае свята без калядоўнікаў. На іх – сапраўдныя строі пачатку ХХ стагоддзя з розных рэгіёнаў Беларусі, а маскі паўтараюць тыя, у якіх, магчыма, калядавалі нашыя старажытныя продкі.

Самы чароўны атрыбут шэсця – Калядная зорка. Несці яе было справаю адказнай. Калядныя зоркі рабіліся найчасцей з паперы або саломы, кола ў цэнтры круцілася, у ім змяшчалі біблейныя сюжэты.

Побач з народнаю творчасцю – старажытная ікона. У 60-ыя гады экспедыцыя Нацыянальнага музею вывезла шэраг твораў з гарадзенскага Брыгіцкага манастыра, які, як і большасць святыняў, за савецкім часам зачынілі.

«Створаны быў гэты ансамбль у сярэдзіне стагоддзя. Надзвычай вялікая рэдкасць, бо асноўныя сюжэты гэтага святочнага шэрагу выкананыя паводле ўзораў заходнееўрапейскіх гравюраў», – зазначае Алена Карпенка, загадчыца аддзелу старажытнабеларускага мастацтва.

Выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі можна глядзець цягам усіх Калядаў – да 10 студзеня.

Іншыя тэмы: Абраз XVIII-га стагоддзя з вёскі Коматава вярнуўся адрэстаўраваны ў калекцыю парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні. Калядны канцэрт зарганізавалі консульства Польшчы ў Берасці ды абласная філармонія.

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»