Два на два «Калі нешта здарыцца з Лукашэнкам, беларускае войска мае план»


Ці будзе наша войска бараніць Беларусь?

«Русский мир» ідзе ў Беларусь і выглядае ён зусім не мірна, папярэджваюць незалежныя ды праўладныя эксперты. Галоўнае разыходжанне ў прагнозах – ці адбудзецца насамрэч вайна ды акупацыя нашае краіны ўсходнім суседам альбо Крэмль абмяжуецца адно ціскам на Лукашэнку, змусіўшы яго канчаткова здаць Беларусь без аніводнага стрэлу.

Пра гэта ў нашай тэледыскусіі «Два на два» размаўлялі Юры Царык, кіраўнік праграм расейскіх даследаванняў Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў і Дзяніс Івашын, галоўны рэдактар беларускай службы міжнароднай выведвальнай супольнасці «Inform Napalm».

Юры Царык: Пасля крымска-данбаскіх падзеяў у Беларусі быў прыняты новы абаронны план і дырэктыва на абарону дзяржавы. Гэта, канешне, звышсакрэтныя дакументы, але наколькі я разумею, іх сэнс у тым, што ў Беларусі не можа быць сітуацыі, як ва Украіне, калі штосьці адбылося з вярхоўнаю ўладай і войска не ведала, што рабіць. Як я разумею, ёсць дакладныя планы на розныя сцэнары, у тым ліку на той выпадак, калі нешта здарыцца з вярхоўным галоўнакамандуючым […] Гэта ўсё было пераведзена на ўзровень ваеннай дактрыны, даволі цікавы дакумент […] Раўкоў [Андрэй Раўкоў, міністр абароны, – рэд.] прама сказаў, што падчас распрацоўвання дактрыны быў улічаны досвед узброенай барацьбы ва Украіне.

Дзяніс Івашын: План забуксуе, бо ўвесь Генштаб насычаны агентамі расейскага ўплыву праз тое, што яны навучаліся ў вайсковых ВНУ Расейскай Федэрацыі, вельмі шмат нарадзінцаў РФ, непасрэдна расейцы займаюць вышэйшыя камандныя пасады. Як у вышэйшым, гэтак і ў сярэднім звяне. Яны прайшлі праз увесь ідэалагічны расейскі апарат вайсковы. Лукашэнка – закладнік сітуацыі, якую ён збудаваў за два дзесяцігоддзі.

Вядоўца: Эксперты кажуць, што і патрыётаў шмат у войску.

Юры Царык: Узровень патрыятызму ў беларускіх войсках даволі высокі, пры тым, што ёсць велізарная колькасць праблемаў, я з гэтым згодны. Але падбор кадраў, і асабліва на ўзроўні ключавым, Генштабу, быў вельмі старанны і з улікам крымскіх падзеяў. Таму я не гатовы далучыцца да меркавання, што план забуксуе […]

Ёсць праблема, якая вырашаецца недастаткова хутка, я з гэтым згодны, па асабоваму складу і асабліва на месцах. Ёсць нюансы, звязаныя з тым, што каб настройваць жаўнераў змагацца ў патэнцыйнай вайне з Расеяй, трэба знайсці такі падыход, каб з гэтага адразу не атрымаўся сусветны скандал. Гэта зразумела, што новыя ўстаноўкі, калі іх папросту спусціць, будуць «злітыя» і пра гэта даведаецца расейскі бок.

Якім бы моцным ні быў ціск Расеі, якімі б агрэсіўнымі ні былі ейныя намеры, мы не можам сабе дазволіць поўнамаштабную канфрантацыю з Расеяй. Таму вядзецца пра тое, як ювелірна, хірургічна, акуратна выбудаваць сістэму стрымлівання патэнцыйнай расейскай агрэсіі, не разбураючы беларуска-расейскіх адносінаў.

Вядоўца: Гэта значыць, што на чале Беларусі павінен застацца Аляксандр Лукашэнка?

Юры Царык: Думаю, гэта павінен вырашаць народ на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Для таго, каб гэты выбар быў, трэба стварыць умовы для дэмакратычнага волевыяўлення.

Вядоўца: Гэта павінен зрабіць сам Аляксандр Лукашэнка.

Юры Царык: Абсалютна слушна. Я думаю, што ён гэта будзе рабіць.

Больш цікавых меркаванняў – у відэа вышэй.

Тэледыскусію «Два на два» глядзіце кожную сераду а 21:25 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), а таксама, а таксама онлайн на нашай старонцы.

ІА, belsat.eu

Каментары