«Калі б не Расея, у Беларусі ўжо даўно б існавала іншая палітычная сістэма», – Усаў


Доктар палітычных навук Павел Усаў лічыць АДКБ блокам аўтарытарных краінаў, які пры гэтым не надта эфектыўны ў сэнсе бяспекі. Такое меркаванне ён выказаў у «Гарачым каментары», падводзячы вынікі саміту АДКБ.

«Калі мы паглядзім, хто з’яўляецца сябрамі і ЕАЭС і АДКБ, то пабачым, што гэта ўсё аўтарытарныя краіны, краіны з моцнай або прэзідэнцкай уладай або ў пэўным сэнсе партыйнай групоўкай (як у Арменіі). Таму яны імкнуцца трымацца разам. Вядома, калі б не Расея, у Беларусі ўжо даўно б існавала іншая сістэма – хутчэй за ўсё дэмакратычная сістэма, набліжаная да Еўразвяза», – мяркуе Усаў.

Паводле палітолага, Беларусь не можа аніяк павярнуцца на Захад, бо ў там не прымуць аўтарытарны рэжым Лукашэнкі.

«Для Расеі захаванне аўтарытарных рэжымаў – гэта першасная задача. На аснове вось гэтых палітычных сістэмаў можа ствараць квазіпостсавецкія праекты», – кажа Усаў.

Між тым на практыцы АДКБ не надта эфектыўная структура, мяркуе Усаў:

«Існуюць калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання, але яны ніколі не былі задзейнічаны ў вырашэнні спрэчных пытанняў нават у межах АДКБ. Гэта сведчыць пра тое, што гэтая структура не працуе. А не працуе таму, што ўсе сябры АДКБ не давяраюць Расеі. Яны ўпэўнены ў тым што больш шчыльная інтэграцыя ў сферы бяспекі можа прывесці да таго, што Расея проста выкарыстае гэта для фактычнага пазбаўлення іх незалежнасці».

Цалкам размова – ў відэа.

ІІ, belsat.eu. Фота – Mikhail Metzel/TASS