Каго цкуюць за допісы пра катастрофу «Ту-154»?


Авіякатастрофа ваеннага самалёта «Ту-154» у Чорным моры атрымала рэпрэсіўны водгук унутры Расеі.

Прадстаўнікі ўлады і праўладныя медыі арганізавалі пераслед і цкаванне ваеннага карэспандэнта Аркадзія Бабчанкі і блогеркі Бажэны Рынскай за іхныя выказванні ў інтэрнэце аб смерці пасажыраў. Бажэна Рынска не пашкадавала працаўнікоў тэлеканалу НТВ, Бабчанка асудзіў сам факт удзелу Расеі ў вайне ў Сірыі, куды ляцеў самалёт.

«Такога цкавання не было даўно. Прыцягнуты буйны калібр, прыцягнуты дэпутат Мілонаў, сенатар Клінцэвіч, «Першы канал», «LifeNews». Яны робяць нейкія петыцыі, каб пазбавіць нас грамадзянства, каб выслаць нас з краіны, канфіскаваць маёмасць», – распавядае журналіст Аркадзій Бабчанка.

Улады арганізавалі пераслед асобаў, якія напісалі пра катастрофу, каб адцягнуць увагу ад прычынаў падзення самалёту, кажа грамадская актывістка Валянціна Чубарава.

«Мэта цкавання ў самім цкаванні. Я не думаю, што ім сапраўды трэба пазбаўляць грамадзянства. Гэта тэхнічна складана і няма навошта. Ім трэба пераключыць увагу, зрабіць з іх ворагаў, выматаць ім нервы – асабліва, мяркую, Бабчанку», – кажа Валянціна Чубарава з асацыяцыі «За свабодную Расею».

Дайшло да публікацыі ў газеце «Камсамольская праўда» з заклікам пасадзіць Бабчанку і Рынску ў турму.

«За такія антынародныя выказванні трэба неадкладна прыцягваць да суда і даваць рэальныя тэрміны. А некаторыя мае таварышы ў гэтым пытанні больш катэгарычныя: да сценкі! Так, і мне таксама шкада, што цяпер час іншы», – мяркуе калумніст «Комсомольской правды» Анатолій Жыльцоў.

Валянціна Чубарава ўзгадвае, як пераследавалі яе сябра пасля смерці Арсенія Паўлава – баевіка ДНР з пазыўным «Матарола».

«Ён нешта такое не вельмі карэктнае пасля смерці чалавека напісаў. Там была такая кампанія цкавання, што яго проста караулілі ля падʼезду… Абсалютна невядомы чалавек. Але зрабілі яму цкаванне, караулілі ля падʼезду, зрабілі з яго ворага», – узгадвае Валянціна Чубарава.

Заклікі пазбавіць грамадзянства тых, каго ўлада называе «Пятай калонай», супярэчаць Канстытуцыі. Але неабходна Крамлю, як для запужвання нязгодных, гэтак і для адцягвання ўвагі ад эканамічных праблемаў, кажа Яўгеній Гантмахер.

«Прапаганда, якая ў нас існуе не першы год, яна была, дарэчы, да Украіны, як мы ведаем, на федэральных каналах і ў цэнтральных газетах, яна падтрымлівае неправавую свядомасць спецыяльна, таму што яна апраўдвае любое дзеянне ўлады», – тлумачыць расейскі эканаміст Яўгеній Гантмахер.

На сёння прычынай падзення «Ту-154» улады неафіцыйна назвалі чалавечы фактар і няспраўнасць самалёту. Чыноўнікі ўсцяж настойліва адкідаюць версію выбуху на борце Міністэрства Абароны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»