Італійскі аэражывапіс паказалі ў Менску


Марк Шагал, Хаім Суцін, Надзея Хадасевіч-Лежэ – знакамітыя мастакі-авангардысты беларускага паходжання побач з італійскім футурыстам Джэрарда Даторы. Гэтай выставай, што адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, Беларусь ды Італія адсвяткавалі 25-годдзе дыпламатычных дачыненняў.

Невялікі гарадок Даторы, дзе нарадзіўся мастак Джэрарда Даторы, стаў троху бліжэйшы да Менску. Менавіта адтуль да нас прыехалі працы пачынальніка італійскага футурызму і такога яго кірунку, як аэражывапіс.

«На пачатку эры футурызму існаваў культ машынаў і руху па зямлі, а з 1920-х гадоў з’яўляецца погляд з аэраплана. Палёт пашырае пейзаж і дае незвычайную перспектыву. Карціны маюць рэлігійны і містычны змест, бо на іх Умбрыя – вобласць, дзе Даторы нарадзіўся і жыў», – распавядае куратар выставы Массіма Дуранці.

Апроч жывапісу – алоўкавыя малюнкі і графіка з часоў вучнёўства Даторы і да канца 1940-х гадоў. У той жа перыяд тварылі беларускія авангардысты парыжскай школы. «Белгазпрамбанк» дапоўніў выставу дзвюма карцінамі Марка Шагала і дзвюма – Хаіма Суціна, сярод іх, напрыклад, цудоўная «Ева».

А Нацыянальны мастацкі музей падзяліўся сваімі скарбамі – абстракцыямі Надзі Хадасевіч-Лежэ. Мастачка жыла ў Францыі, але прыязджала ў Беларусь і цікавілася тутэйшымі падзеямі, падкрэслівае Вольга Клецкіна з Мастацкага музею: «Некалькі разоў яна наведвала таксама наш музей і цягам гэтых візітаў падаравала некалькі рэчаў – калекцыю гіпсаў з майстэрні Люўру, кераміку Пабла Пікаса і некалькі сваіх графічных працаў. І дзве з іх, падпісныя, прадстаўленыя на нашай выставе».

Паглядзець італійска-беларускі мастакоўскі квартэт можна цягам чэрвеня.

Іншыя тэмы:

Сёння дзень народзінаў у Святланы Алексіевіч.

Прэзентацыя кнігі мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» адбылася ў галерэі Беларускага саюзу дызайнераў.

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»