Інвалідам аддалі пад рэабілітацыйны цэнтр казарму без ацяплення


Людзі адрамантавалі кватэры, а ў іх зрабілі інтэрнат

Уклалі грошы ў рамонт жытла і яго згубілі – такая сітуацыя можа стаць рэальнасцю для жыхароў дома № 61 па праспекце Пушкіна ў Магілёве. Спачатку начальнікі вырашылі правесці рэканструкцыю цаглянага пяціпавярховіку за кошт гараджанаў, а наўзамен прапанаваць ім адноўленыя кватэры. Але калі рамонтавыя працы скончыліся, пастанавілі, што гэта будзе інтэрнат. Але што рабіць магілёўцам, якія ўклалі тысячы долараў у рамонт памяшканняў? Гэтае пытанне задаюць у роспачы насельнікі цяпер ужо нібыта інтэрнату, з якога іх могуць папрасіць у любы момант.

Інваліды самі рамантуюць Рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр

У Берасці людзі з абмежаванымі магчымасцямі намагаюцца сваймі сіламі адрамантаваць Рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр для інвалідаў-вазочнікаў. Цэнтр «Зімародак» месціцца непадалёк ад гораду, у будынку былой казармы, якую інваліды атрымалі ва ўласнасць прыкладна 15 гадоў таму. Цяпер яны з дапамогаю валанцёраў спрабуюць аднавіць дом, які патрабуе капітальнага рамонту. Аднак сродкаў на гэта няма, таму інваліды тэрмінова шукаюць спонсараў. Пакуль справа рухаецца вельмі маруднымі тэмпамі.

Пленэр памяці роду Вайніловічаў, забытых дзеячаў беларускай гісторыі

Мастацкая суполка «Пагоня» адзначыла свой юбілей адкрыццём адмысловай выставы ў Палацы мастацтва. Суполка ўжо 25 гадоў стварае спадчыну зямлі беларускай, аднаўляе гістарычныя крыніцы ды захоўвае дух нацыянальнай самасвядомасці. Сябрамі суполкі за гады існавання былі вядомыя творцы, якія шмат зрабілі для развіцця беларускай культуры, аднак іхная дзейнасць, на жаль, не вядомая шырокаму колу людзей. Нашыя журналісты разам з мастакамі наведалі вёску Макраны, дзе адбыўся пленэр, прысвечаны памяці роду Вайніловічаў, забытых дзеячаў беларускай гісторыі.

Этнограф распавёў пра бежанцаў

Беларусы з польскага Падляшша летась цэлы год ушаноўвалі сотую гадавіну бежанства: паказвалі спектаклі, арганізоўвалі этнаграфічныя лагеры, ладзілі гістарычныя інсцэнізацыі, навуковыя канферэнцыі ды семінары. Успамін пра лёс некалькіх мільёнаў жыхароў заходніх губерняў імперыі Раманавых, якія ў часе вайны вымушаныя былі пакінуць свае дамы ды падацца ў глыб Расеі, працягваецца. Нядаўна выйшла з друку першая папулярная гістарычная кніга аўтарства этнографа Дарафея Фіёніка «Бежанства. Дарога і павароты. 1915–1922». Аўтарская сустрэча, спалучаная з прамоцыяй кнігі, прайшла ў Бельскай публічнай бібліятэцы.