Ігар Ільяш: Калі Лукашэнка паспрабуе здаць назад у пытанні вайсковай супрацы з Расеяй, Пуцін гэта ўспрыме як здраду


Журналіст «Белсату» выказаўся пра вайсковую супрацу Беларусі і Расеі.

Нейтралізаваць апазіцыю. Менавіта такім быў умоўны праціўнік падчас вучэнняў у Сібіры, на палігоне пад Ульянаўскам. Удзел у іх бралі расейскія і беларускія вайскоўцы, а дакладней «міратворчыя сілы». Паводле легенды дапамогі ў міратворцаў папрасіла ўмоўная краіна Дамассія.

Урад Дамасіі нібыта ваюе з апазіцыяй. Паводле сцэнару, «актывізаваліся сепаратысты, міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі з мэтаю любою цаной дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне». Падчас вучэнняў практыкавалі высотнае дэсантаванне, супрацьдзеянне беспілотнікам і так званым «сепаратысцкім» атрадам. Па выніках вучэнняў, у Дамасію вярнуўся мір, канстытуцыйны лад і тэрытарыяльная цэласнасць – гэта цытата з газеты «Во славу Родины».

У «Гарачым каментары» – журналіст Ігар Ільяш. У эфіры ён паразважаў на тэму, чаму інтэнсіўнасць вайсковай супрацы паміж Менскам і Масквой расце, хаця ў палітычных дачыненнях назіраецца напружанне:

«Таму што гэта пытанне прынцыповае для Крамля, і Лукашэнка разумее, што гэта прынцыповае пытанне для Пуціна. То бок яны могуць спрачацца там наконт малака, наконт таматаў, але ніякіх паблажак па пытаннях вайсковых Пуцін не дасць Лукашэнку. Гэта такая тэма, дзе Лукашэнка заўсёды мусіць быць у фарватары расейскай палітыкі».

Ільяш мяркуе, што ў Лукашэнкі апошнім часам з’яўляліся думкі, каб паменшыць інтэнсіўнасць супрацы з Расеяй у вайсковым пытанні, але «ён цудоўна разумее, што ў Крамлі гэта будзе расцэнена як здрада».

Паводле Ільяша, у Кіеве вельмі баяцца, што пад выглядам міратворчай місіі Пуцін прымусіць Лукашэнку прыняць удзел у рэалізацыі так званага балканскага сцэнара на Данбасе – чагосьці сярэдняга паміж аперацыяй НАТО супраць баснійскіх сербаў у 1995 годзе і бамбавання Югаславіі ў 1999 годзе.

Фотаздымак на застаўцы да відэа БелТА