Ідэйны апанент Эрдагана: бунт у Турцыі – спектакль


Спроба дзяржаўнага перавароту ў Турцыі скончылася масавымі арыштамі. Ужо затрыманыя больш за шэсць тысяч вайскоўцаў. А пошукі чарговых бунтаўнікоў і ператрусы працягваюцца.

Пакаранне можа быць найвышэйшае. Прэзідэнт Эрдаган ужо выказаўся пра магчымасць увядзення ў Турцыю смяротнага пакарання.

РЭДЖЭП ЭРДАГАН, ПРЭЗІДЭНТ ТУРЦЫІ:

«Браты, я веру, што ўрад будзе размаўляць пра гэта з апазіцыйнымі партыямі, і пастанова мусіць быць прынятая без спазненняў. Мы не можам чакаць доўга, бо тыя, хто хацеў здзейсніць пераварот супраць дзяржавы, мусіць заплаціць высокі кошт».

Нездарма некаторыя вайскоўцы ўцяклі з Турцыі. Некалькі з іх маюць намер прасіць палітычны прытулак у Грэцыі.

КАТЭРЫНА ДАПУДАНІ, АДВАКАТКА:

«Калі будзе такая неабходнасць, мы будзем апеляваць у гэтай справе з іхнае згоды. Яны баяцца за свае жыцці, за жыцці сваіх блізкіх. Яны напужаныя».

Турэцкія ўлады патрабуюць выдаць здраднікаў. А на вуліцы выходзяць тысячы тых, хто падтрымлівае дзейнага прэзідэнта.

ФАРУК ЧЭЛІК, МІНІСТР СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ ТУРЦЫІ:

«Тыя, хто хацеў пагрузіць нас у хаос праз напружанне ды пераварот, мусяць ведаць, што ніхто не атрымаў у гэтым поспеху і ніколі не атрымае. Вам не ўдасца знішчыць нашай еднасці і салідарнасці».

Аднак еднасці няма. Прэзідэнт Эрдаган сваймі радыкальнымі крокамі выклікаў хвалю абурэння і раней, калі пераследаваў ліберальныя групы, апазіцыю, журналістаў. А таму ўсё больш гучыць меркаванняў, што спроба перавароту была гэтак званая. А за ўсім стаіць сам Эрдаган.

ФЭТХУЛАХ ГЮЛЕН, БЫЛЫ ІМАМ, ПРАПАВЕДНІК, ІСЛАМСКІ ГРАМАДСКІ ДЗЕЯЧ:

«Існуе невялікі шанец, магчымасць таго, што гэта пастановачны пераварот. Усё каб мець падставу для судовых абвінавачанняў і пераследу».

Гюлен перабывае ў Злучаных Штатах. Але яго лічаць у Анкары галоўным арганізатарам перавароту. Хаця на вуліцах Стамбулу гучаць іншыя меркаванні.

АПЫТАННЕ

«Літаральна мы не жывем у дэмакратычнай краіне цяпер. І гэтак не было да гэтае спробы дзяржаўнага перавароту. І я баюся, што цяпер дэмакратыі будзе меней і меней. Я занепакоеная, абураная ды шакаваная».

«Гэта зарганізавала самая ўлада, бо папулярнасць Эрдагана апошнімі днямі змяншаецца з прычыны ягоных палітычных памылак: як справы паміж Расеяй і Турцыяй, Ізраілем і Турцыяй. Вось чаму я мяркую, што гэта ён зарганізаваў такую рэч».

У выніку спробы дзяржаўнага перавароту загінулі амаль трыста асобаў. Ужо адбыліся першыя пахаванні.

Сяргей Падсасонны belsat.eu