Хворых аблапошваюць. Замяшаны экс-працаўнік Мінздраву?


Медычны імпарт па-беларуску, або як «фірмы-пракладкі» зарабляюць на нас грошы.

Ні для каго не сакрэт, што тыя ж самыя замежныя лекі ў Беларусі ў некалькі разоў даражэйшыя, чым у нашых суседзяў – ва Украіне, Літве ці Польшчы. Такая ж сітуацыя і з пратэзамі. І калі ў вас няма магчымасці прывозіць лекі з-за мяжы, а яны вам патрэбныя, то будзьце гатовыя пераплачваць за іх сотні працэнтаў накруткі.

Пратэз за 1000 еўраў прадаецца за 3500!

Васіль Бельмач – былы старшы памочнік Беларускага ваеннага пракурора. Летась спадар Васіль мусіў прайсці аперацыю на тазасцегнавым суставе. Яму паставілі платны замежны эндапратэз.

Васіль Бельмач, былы старшы памочнік Беларускага ваеннага пракурора. Фота belsat.eu

Калі мужчына паспрабаваў атрымаць дакументы, аказалася, што пратэз не сертыфікаваны і агулам – справа з пастаўкамі еўрапейскіх эндапратэзаў у Беларусь праз Расею вельмі цьмяная. У выніку дзейнасці гэтых схемаў пратэз, які набываецца ў Расеі, скажам, за 1000 еўраў, прадаецца ў Беларусі за 3 500.

Вінаватае беларускае заканадаўства і «нячыстыя на руку» бізнесоўцы

Наш калега, журналіст газеты «Наша Ніва» Арцём Гарбацэвіч, не так даўно даследаваў гэтае пытанне. Паводле ягоных словаў, існуе адпрацаваная схема, якая робіць замежныя лекі і пратэзы такімі дарагімі. Вінаватыя ў такой сітуацыі і беларускае заканадаўства, і «нячыстыя на руку» бізнесоўцы, якія, праводзячы тавар праз так званыя «фірмы-пракладкі», накручваюць кошты, а ўвесь прыбытак кладуць сабе ў кішэню.

Напрыклад, у выпадку Васіля Бельмача, пастаўніком пратэза ў 6-ю гарадскую клінічную бальніцу, дзе яму і рабілі аперацыю, была беларуская фірма «МедОрта». Дырэктарка гэтай фірмы, Наталля Казярог, купіла гэтыя пратэзы ў Расеі па вельмі дарагім кошце. Чаму так? Чаму б не купіць у таго, хто прадае тое ж самае, але нашмат танней? Адказ становіцца зразумелым, калі мы даведваемся, што ўласнікам гэтай расейскай фірмы з’яўляецца муж Наталлі, Валеры Казярог.

Дык як жа выглядае медычны імпарт«па-беларуску»? І як працуюць «фірмы-пракладкі»? Адказ – у новым выданні «Людскіх справаў»:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A», а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.