Гарачы каментар Хто зацікаўлены ў выкрыванні лідараў-карупцыянераў?


Скандальнае расследаванне выявіла асноўныя схемы, паводле якіх адмываюцца або зусім знікаюць грошы па ўсім свеце. Міжнародны кансорцыум журналісцкіх расследаванняў апублікаваў прэс-рэліз пра афшоры 128 палітыкаў і 29 мільярдэраў. Сярод іх – прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ды сябры прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.У расследаванні бралі ўдзел 370 журналістаў з 76 краінаў свету. Свае высновы яны рабілі, прааналізаваўшы 11,5 млн дакументаў, што распавядаюць пра сусветную схему ценевай эканомікі. Расследаванне атрымала назву «Панамскія дакументы» – паводле месца рэгістрацыі кампаніі «Mossack Fonseca». Выцек дакументаў з гэтай кампаніі зрабіўся падставаю для расследавання. Паводле журналістаў, гэтая кампанія займаецца стварэннем падстаўных фірмаў і карпаратыўных структураў для ўтойвання канчатковых атрымальнікаў грошай. У спавешчанні Міжнароднага кансорцыуму сцвярджаецца, што ў дакументах фігуруюць людзі «з блізкага атачэння» прэзідэнта Расеі, якія прапусцілі праз афшоры каля $ 2 млрд.Палітолаг, прадстаўніца асацыяцыі «За свабодную Расею» Анастасія Сяргеева заўважыла, што ў цяперашняй сітуацыі Крэмль будзе казаць на ўсе абвінавачанні, што гэта «інтрыгі ворагаў».

«Паколькі Расея ўстала з кален, Пуцін вядзе ўсіх у светлую будучыню, то гэта моцна пагражае ўсім іншым краінам. Гадкія ворагі, якія акапаліся ў ЗША, Еўропе і ўсюды вакол – яны спрабуюцца рабіць брыдоты, будаваць падкопы. Мала таго, што яны выдаюць гэтую інфармацыю, тот яны, магчыма, будуць яшчэ спрабаваць адкрыць крымінальныя справы, звязаныя з бліжэйшым колам Пуціна», – з іроніяй выказалася палітолаг.

Прадстаўнікі Крамля не будуць павышаць градус дыскусіі, бо яна ім невыгадная ў перадвыбарчы час, заўважыла спадарыня Сяргеева.На ейную думку, найбольш зацікаўленыя ў выкрыванні сусветных карупцыйных схем маладыя еўрапейскія палітыкі, бо чым даўжэй чалавек знаходзіцца ва ўладзе, тым больш ён пакрываецца карупцыйнымі сувязямі. «Для маладога пакалення палітыкаў – гэта расчыстка шляху», – мяркуе адмысловец.Больш – у відэакаментары.МЯ, belsat.eu

Каментары