Хто запрасіў Лукашэнку ў Брусэль? «ПраСвет» з Алінай Коўшык


Беларусы пачакаюць бязвізавага рэжыму з Еўразвязам, які запрасіў Лукашэнку ў Брусель на саміт «Еўрапейскі Звяз – Усходняе партнёрства». Хто на Захадзе хоча ўбачыць кіраўніка Беларусі ў сталіцы Аб’яднанай Еўропы? Менск узбройвае ворага свайго саюзніка. Гэта добра ці дрэнна? Крымскі казус. Як Расея б’е па Украіне з Захаду?

А таксама два інтэрв’ю.

Што Аляксандры Чычыкавай, міс свету на вазку, не падабаецца ў Беларусі?

Польшча дэпартавала Дзмітрыя Карнавухава, агента расейскага ўплыву. Што гэта – удар у сэрца расейскай машыны над Віслай або толькі верхавіна айсберга? Якою будзе помста Пуціна? Гутарка з палякам, які назірае за ўздзеяннем расейскай «мяккай сілы».

Ці паедзе Лукашэнка ў Брусель?

Кіраўнік Беларусі ўпершыню ў гісторыі мае шанец паўдзельнічаць у саміце Еўразвязу з краінамі «Усходняга партнёрства». Хто пастанавіў яго запрасіць? Які крызіс перажывае цяпер праграма супрацы ЕЗ з шасцю чальцамі былога СССР? Ці «Партнёрства» распадзецца афіцыйна або перародзіцца ў праект на дзвюх розных хуткасцях, «тры плюс тры»? Каментуюць экс-дэпутат Еўрапарламенту Павэл Коваль, віцэ-міністр замежных справаў Літвы Дарус Скусявічус і Яўген Прэйгерман з Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Аляксандра Чычыкава: «Я імкнуся падцягваць сваю беларускую мову да ўзроўню грамадзяніна Рэспублікі Беларусь»

Інтэрв’ю з міс свету на вазку – 2017. Чые правы яна плануе адстойваць? Дзе яна хоча жыць? Як яна стала акторкаю «Свабоднага тэатру»?

Пра дэпартацыю расейскага агента ўплыву з Польшчы: «Гэта верхавіна айсберга»

Польшча дэпартавала Дзмітрыя Карнавухава, агента расейскага ўплыву. Што гэта, удар у сэрца расейскай машыны над Віслай або толькі верхавіна айсберга? Якою будзе помста Пуціна?

Паводле польскіх спецслужбаў грамадзянін Расеі Дзмітрый Карнавухаў жыў у Польшчы, прыкрываючыся супрацаю з Расейскім інстытутам стратэгічных даследаванняў у Маскве. Расеец прапаноўваў навуковую супрацу ў розных інстытутах Расеі, а таксама паездкі на канферэнцыі, пры гэтым кансультаваў палякаў, як сфармуляваць свае заявы, каб гэта было выгадна Расейскай Федэрацыі.

Якія мэты ставіць Крэмль у Польшчы? Як імкнецца іх дасягнуць? Інтэрв’ю з прэзідэнтам Цэнтру аналізу прапаганды і дэзінфармацыі, аўтарам парталу «Cyberdefence24.pl» Адамам Лелёнкам.

Як Беларусь узбройвае ворага свайго саюзніка?

Лукашэнка заявіў, што не будзе ні перад кім апраўдвацца, бо адносіны з Баку не парушаюць міжнародных дамоваў. Пра гэта вялося падчас візіту ў Менск Закіра Гасанава, міністра абароны паўднёвакаўказскай дзяржавы. З гэтым можа не пагадзіцца Арменія – хаўрусніца Беларусі з АДКБ і праціўніца Азербайджану ў карабахскім канфлікце. Супрацу Менску і Баку каментуюць вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін, дырэктар Інстытуту Каўказу ў Ерэване Аляксандр Іскандар’ян і Вадзім Казюлін, дырэктар праекту ў галіне азіяцкай бяспекі з ПІР-цэнтру ў Маскве.

Як Расея б’е па Украіне праз Еўропу

Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Зэман прапанаваў Расеі выплаціць кампенсацыю Украіне за анексію Крыму. Кіеў назваў гэтую прапанову цынізмам. Маскве ж, наадварот, выказванне чэшскага кіраўніка спадабалася, але плаціць ніхто не збіраецца. Ці ёсць міжнародныя механізмы, якія маглі б прымусіць Расею вярнуць анексаваную тэрыторыю? Каментуе палітолаг Уладзімір Фясенка з Кіева, а таксама жыхары расейскай ды ўкраінскай сталіцаў.

Апошні іспанскі дэдлайн

«Дык вы абвесцілі незалежнасць ці не?», – здзекліва пытаецца ў каталонскіх уладаў прэм’ер-міністр Іспаніі Мар’яна Рахой – і абвяшчае ўльтыматум Барсэлоне: да 19 кастрычніка «пачаць паважаць канстытуцыйны парадак». У іншым выпадку Мадрыд гатовы звярнуцца да 155-га артыкулу Канстытуцыі. Каму патрэбная новая краіна на мапе Еўропы? Ці можна сказаць, што непатрэбная нікому?