Хто перамог у «Заспявай 3.0»?


Журы конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай 3.0» назвала пераможцаў у трох намінацыях.

У «Спяванай паэзіі» перамагла Pauline з песняю на верш Ірыны Багдановіч «Смутак гораду». У намінацыі «Беларускі кавэр» найлепшым прызналі гурт «Leibonik» за арыгінальную інтэрпрэтацыю гіта гурта «Мроя» «Я рок-музыкант». У намінацыі «Замежны пераклад» не было роўных беларускай версіі гіта Эраса Рамаццоцці ў перакладзе Мікіты Найдзёнава і ў выкананні Змітра Нікановіча ды Волі Сацюк.

Распавядае Алег Хаменка, старшыня журы:

«Практычна ўсе вартыя таго, каб атрымаць галоўны прыз. Іншая справа, што трэба нешта абіраць. І гэтае абранне адбывалася цераз бальную сістэму, і балы адрозніваюцца вельмі-вельмі нязначна. З аднаго боку, гэта напружвае, з другога боку, гэта радасна».

Кожны пераможца атрымае 500 еўраў у якасці прызу. Грошы пойдуць на запіс новых песень.

Дзмітрый Нікановіч лічыць, што наперадзе новыя праекты:

«Мы адчулі, што нашы галасы ў нейкай незвычайнай гармоніі спалучаюцца. Магчыма, гэта кажа пра тое, што можна рабіць наступныя праекты, яшчэ спяваць разам».

Для спявачкі Pauline таксама шмат чаго пачынаецца:

«Мы цяпер актыўна запісваемся ў студыі. На падыходзе ўжо пяць песень».

Гала-канцэрт пераможцаў «Заспявай 3.0» адбудзецца 22 кастрычніка ў менскім клубе «Каёт». Госцем будзе пераможца леташняга конкурсу – гурт «Navi».

Сяргей Будкін